Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (21.08-27.08.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – ў новай рубрыцы сайта “Свабоды”.

“Гэтая сустрэча стала, гледзячы па ўсім, апошнім папярэджаньнем Пуціна Лукашэнку, у прэзыдэнта Расеі зараз няма ніякіх маральна-псыхалягічных перашкодаў, каб бліжэй да зімы рэзка падвысіць Беларусі цэны на расейскі газ”.

Расейская газэта “Коммерсант” пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Сочы.

“Калі параўноўваць — для жанчыны няма вялікай розьніцы, а мужчынам на Валадарцы горш, чым у КДБ”.

Эніра Браніцкая – сябра незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, асуджаная на 6 месяцаў зьняволеньня, пасьля вызваленьня.

“У іншым месцы і ў іншы час за гэта людзей бы не ў турму саджалі, а выказвалі б ім падзяку. А ў нас іх асудзілі”.

Віялета Браніцкая – аб працэсе сябраў “Партнэрства” пасьля вызваленьня яе дачкі Эніры Браніцкай.

“Ведаеце, былі розныя выпадкі, былі зьбітыя і іншыя дыпляматы іншых краінаў у гэтай краіне (Беларусі), таму і столькі падазрэньняў”.

Прэм’ер-міністар Літвы Гэдымінас Кіркілас аб загадкавай сьмерці ў Беларусі літоўскага дыплямата Вітаўтаса Пацюнаса.

“Мяне адмыслова перапыталі, ці не раскайваесься ты ў тым, што зрабіў 18—19 кастрычніка, я пасьмяяўся і сказаў, што яны яшчэ будуць раскайвацца ў тым, што цяпер робяць”.

Павал Севярынец – пра адмову яму ва ўмоўна датэрміновым вызваленьні пасьля года абмежаваньня волі.

“Пэўныя людзі хочуць у сваіх руках сканцэнтраваць усю ўладу — відаць, ня толькі над археалёгіяй, а, можа, і над усёй гісторыяй”.

Гісторык Сяргей Тарасаў – аб прычынах свайго звальненьня з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

“У мяне ёсьць стэнаграма паседжаньня Вярхоўнага Савету, дзе Лукашэнка казаў “так званая Рэспубліка Беларусь”. А сёньня ён кажа зусім іншае”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Валянцін Голубеў – пра 15-ю гадавіну наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнага закону.

“25 жніўня ёсьць рэальная дата вяртаньня незалежнасьці Беларусі. 15 гадоў таму мы, апазыцыя БНФ у Вярхоўным савеце, зрабілі гэтую дату”.

Зянон Пазьняк – пра 15-ю гадавіну наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статусу канстытуцыйнага закону.

“Для мяне гэта нічога ня значыць. Не хвалююся я ні за сувэрэнітэт, ні за нешта іншае… Няхай за гэта Бацька хвалюецца!”

Адказ адной менчанкі на пытаньне Радыё Свабода “Што для Вас азначае сувэрэнітэт Беларусі?”

“Я думаю, што любая жанчына мяне падтрымае, якая была самотная, якая перажыла нейкія страты ў жыцьці…”

Сьвятлана Завадзкая, удава зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага – аб сваім новым шлюбе.

“Гэта менш 0,1 працэнта ад колькасьці тых, хто ўдзельнічаў у выбарах. Дай Бог, каб у нашых суседзяў была такая мінімальная колькасьць пратэстуючых”.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына – пра зварот 6 тысячаў грамадзянаў у Вярхоўны суд са скаргай аб скасаваньні прэзыдэнцкіх выбараў.

“Жанчына-беларусачка зь ейнымі вачыма, поўнымі сьлёз, прыгожым станам, расхінутымі ў любові... рукамі”.

Мастак Алесь Пушкін – адказ падчас онлайн-канфэрэнцыі Свабоды на пытаньне пра выяўленчы сымбаль Беларусі.
XS
SM
MD
LG