Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літмантаж


Вінцэсь Мудроў "Летні Альбом" -- восеньскія неперагорнутыя старонкі. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў

Са школай, як вядома, зьвязаны самыя сьветлыя пачуцьці. Хтосьці згадвае сваё першае школьнае каханьне, хтосьці – сваю першую настаўніцу, іншыя з журботнай усьмешкай згадваюць бярозкі і клёны, што сустракалі іх ля школьнага ганку. Мае ўспаміны маюць вэрбальны характар: пры слове “школа” памяць пачынаюць сьвідраваць вершыкі, якія свойчас выгукваў на ранішніках і зборах, і якія іначай як заняпадам лексычнай культуры не назавеш.

Шматлікія савецкія сьвяты адзначалася ў школе паэтычнымі штудыямі, якія менаваліся мудрагелістым словам “літмантаж”. Напярэдадні сьвята клясная кіраўнічка альбо піянэрважатая – гледзячы, хто ладзіў сьвяточнае мерапрыемства -- раздавалі паперчыны з напісанымі на іх вершамі. Сьвяточным днём мы мусілі напераменку чытаць іх са школьнай сцэны.

“Они сегодня думают о том, чтобы людей побольше уничтожить, -- пачынаў нехта зычна і звонкагалоса, -- а мы за домом строим новый дом, и те дома хотим ещё умножить!” – тураваў яму другі чытальнік. “Они готовят новую войну, и бомбой атомной грозят народам, -- прамаўляла чарнавалосая выдатніца, -- а мы растём…” – здушана мармытаў бялявы двоечнік і зацкавана апускаў голаў. Па залі, дзе сядзелі першаклясьнікі, прабягаў трывожны гоман. “А мы… растём… “ – падганяла з-за кулісаў піянэрважатая. Небарака, аднак, маўчаў, яшчэ больш панурваў галаву і вушы ягоныя хваравіта пунсавелі. “Спокойно… в вынину…” – шапятліва падказвала выдатніца. Двоечнік маўчаў, і піянэрважатая, з інтанацыяй істэрыкі, гукала: “А мы растём спокойно в вышину под нашим мирным, светлым небосводом!” – і, выцершы ўпрэлы лоб, суцішна дадавала: “Звар’яцець можна”.

Падобныя замінкі надараліся вельмі часта. Бо стаяла задача ахапіць літмантажом ня толькі кемлівых ды звонкагалосых, але й тугадумлівых ды шапялявых.

Асабліва запомніліся літмантажы з нагоды жаночага сьвята 8 сакавіка. Пачыналіся яны паэтычным аповедам пра нядбайнага сына. “Усталая с работы пришла под вечер мать, и видит, что у сына не прибрана кровать…” Вершы гэтыя мы чыталі са сцэны сем гадоў запар. На маю долю ўвесь час выпадалі радкі: “Ты, мама, про Гайдара мешаешь мне читать” (меўся наўвеце дзед вядомага расейскага рэфарматара – пісьменьнік Гайдар). У трэцім клясе я з такім натхненьнем выгукнуў тэкст, што нават пукнуў ад паўнаты пачуцьцяў.

“Літмантажная” паэзія, як выглядае, найбольш запала ў душу літаратурным рэдактарам. Я бачыў у адной з рэдакцыяў паэтычны рукапіс шчодра пакрэсьлены і пазначаны забойным, з прадзіраньнем паперы, заключэньнем: “Літмантаж!”
XS
SM
MD
LG