Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Янка Брыль


Уладзімер Арлоў, Менск 4.8.1917, Адэса — 25.7.2006, Менск. Пахаваны на могілках у вёсцы Калодзішчы пад Менскам.

Ён нарадзіўся ў Адэсе, што, відаць, таксама прычынілася да ягонага нязводнага — то вытанчанага, то па-народнаму грубаватага гумару, які літаратуразнаўцы назвалі калабруньёнаўскім. Гэтым гумарам былі наскрозь прасякнутыя лісты, якія я зрэдку атрымліваў ад яго, калі Брыль заўважыў мае першыя апавяданьні. Ён умеў пахваліць і ўадначас па-настаўніцку пасьмяяцца з “праколаў” кшталту лужынкі пад нагамі ў адной маёй гераіні, што яе знаёмы прыняў за сьлёзы...

Я суперажываў Алесю Руневічу з адзінага Брылёвага раману “Птушкі і гнёзды”. Я рагатаў над старонкамі аповесьці “Ніжнія Байдуны”, але найбольш маім у яго творчасьці былі лірычна-філязофскія мініятуры. Зборнік “Жменя сонечных промняў” я доўгі час вазіў з сабой як настольную кнігу.

Яна, дарэчы, апрача наталеньня мудрасьцю, неяк у жалезнаводзкім санаторыі ўратавала мяне ад бойкі з двума чачэнцамі, якія, на шчасьце, убачылі на стале ў “расейскага акупанта” “нярускую” кнігу.

У сёньняшняй Беларусі ён быў больш, чым выдатным пісьменьнікам эўрапейскага маштабу. Ужо пасьля яго пахаваньня мне прысьнілася, што Янка Брыль выступае па тэлебачаньні. Ад нечаканасьці я прачнуўся. Такое сапраўды можна было ўбачыць толькі ў сьне.

Адразу разгледзеўшы антынацыянальную сутнасьць цяперашняй улады, Брыль не пайшоў зь ёю ні на якія кампрамісы. Ён не надрукаваў ні радка ў сэрвільных “голдынгаўскіх” выданьнях. Ён у 80 гадоў адкрыў выдатнай прамоваю Кангрэс дэмакратычных сілаў. Пасьля зыходу ў Вечнасьць Васіля Быкава менавіта Янка Брыль быў найвышэйшым маральным аўтарытэтам краіны. Сьведчаньнем гэтага, безумоўна, станецца і ягоны дзёньнік на 5 тысяч старонак, які, паводле запавету, пачне друкавацца празь пяць гадоў.

Заўтра сорак дзён, як душа Янкі Брыля адляцела ў Вечнасьць.
XS
SM
MD
LG