Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Іванюковічам адкладзены: няма перакладчыка зь беларускай


Радыё Свабода Як паведамляе БелаПАН, суд над Юрасём Іванюковічам, якога вінавацяць у вандалізьме і апаганьваньні будынку беларускага пасольства ў Маскве, адкладзены на няпэўны час. Як паведаміў адвакат беларускага грамадзяніна Станіслаў Маркелаў, суд ня можа пачацца, таму што дасюль ня знойдзены перакладчык, які зможа рабіць вусны пераклад зь беларускай мовы.

Нагадаем: 9 траўня 23-гадовы Юрась Іванюковіч нанёс маркерам на шыльдах пасольства Беларусі ў Маскве надпісы “Жыве Беларусь!” і “БТ хлусіць!”. Вартаўнік пасольства затрымаў Іванюковіча і прымусіў сьцерці надпісы. 10 ліпеня Басманны суд Масквы пачаў слуханьне крымінальнай справы па абвінавачаньні Іванюковіча ў вандалізьме. За ўвесь час разгляду справы ня быў апытаны ніводзін супрацоўнік беларускага пасольства. Адвакат Маркелаў мяркуе, што дыпляматы нават ня ведаюць, што ёсьць такая крымінальная справа.

Юрась Іванюковіч працуе ў Маскве тэхнолягам у адной са сталярных кампаніяў.
XS
SM
MD
LG