Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: Нямеччына купляе газ вышэй за 250 даляраў


Аляксандр Уліцёнак, Менск Недакладнымі назвала экспэрт у справах эканомікі Тацяна Манёнак выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Расея, нібыта, прадае Беларусі нафту даражэй, чым Украіне, а газ прапанавала купляць даражэй, чым купляе Нямеччына.

Журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак спэцылізуецца на пытаньнях нафтагазавага комплексу, у якіх лічыцца прызнаным экспэртам. Вось як Тацяна Манёнак пракамэнтавала выказваньні Аляксандра Лукашэнкі адносна коштаў на расейскія нафту й газ.

(Манёнак: ) “Эканамічныя дарадцы беларускага лідэра неяк не зусім дакладна давялі да яго сёньняшнія кошты. На самой справе Расея прадае Беларусі нафту значна таньней, чым Украіне. Як меней -- на памер мыты, якая складае 216 даляраў за тону, а з 1 кастрычніка будзе падвышана да 237,5 даляраў”.

Экспэрт нагадала, што да траціны прыбыткаў бюджэту Беларусі ад экспарту складае экспарт нафтапрадуктаў. Між тым, Расея заяўляе пра намер увесьці пошліны й на экспарт нафты ў Беларусь.

Паводле Тацяны Манёнак, недакладнай ёсьць і заява, быццам Нямеччына купляе расейскі газ таньней, чым прапанавана Беларусі. Паводле дадзеных экспэрта, краіны Заходняй Эўропы, у тым ліку Нямеччына, купляюць расейскі газ коштам вышэйшым за 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Тым часам Беларусь купляе цяпер газ за 50 даляраў. А паводле прагнозаў Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі, прапанавана Беларусі купляць газ у 1,5--2 разы даражэй.

Тацяна Манёнак зьвязала выказваньні беларускага лідэра зь перамовамі адносна коштаў на газ.

(Манёнак: ) “Гэта больш эмацыйныя выказваньні падчас перамоў. Відаць, расейскі бок пакуль не згаджаецца на тыя ўмовы, якіх хоча Беларусь. А менавіта гэтыя кошты роўныя з коштамі для расейскіх суб’ектаў гаспадараньня”.
XS
SM
MD
LG