Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Коласаўскі ліцэй правёў “лінейку” каля брамы суду (фота)


Любоў Лунёва, Менск Калектыў беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, дэ-юрэ зьліквідаванага ўладамі ў 2003 годзе, правёў урачыстую лінейку ля брамы свайго былога будынку на Кірава, 21. На браме й на будынку ўжо вісяць шыльды суду Цэнтральнага раёну Менску. У былых клясах – кабінэты судзьдзяў і судовыя залі. Днямі ў памяшканьні пачнуцца судовыя пасяджэньні. Калектыў ліцэю ўпэўнены, што гэты будынак рана ці позна будзе вернуты ранейшым гаспадарам.

Выкладчыкі, навучэнцы й іхныя бацькі традыцыйна 1 верасьня сабраліся ля ліцэйскай брамы на вуліцы Кірава. Сёлетнія чацьвёртакурсьнікі ніколі не сядзелі за партамі ліцэю ў гэтым будынку, які раней неаднаразова даводзілася бараніць вучням разам з бацькамі.

(Адам: ) “Мы, наагул, былі толькі раз у ліцэі: калі прыходзілі на кансультацыі й здаваць экзамэны. Потым ужо былі толькі ў разбураным будынку. Заходзілі, глядзелі, як тут што… Хацелася б вярнуць яго, каб былі актавая заля й клясы”.

Наста Штурман паступіла сёлета на першы курс. Дзяўчына кажа, што яе вельмі добра прынялі, і яна адчувае сябе, як у роднай сям’і.

(Наста: ) “Паступіла ў ліцэй. Бо ён вельмі добры. У школе не давалі насіць значкі “За Свабоду”. Тут вельмі весела, добры калектыў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці пазнаёмілася з кім-небудзь з другога, трэцяга курсаў?”

(Наста: ) “У мяне сяброўка тут на другім курсе. Увесь трэці курс амаль ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Падабаецца?”

(Наста: ) “Як можа не падабацца другая сям’я?”

У будынку зроблены эўрарамонт: замянілі вокны, дах, адрамантавалі фасад, зьнесьлі ўваходную прыбудову зь зімовым садам. У былым кабінэце хіміі цяпер судовая заля з клеткай для абвінавачаных.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас прыгадвае: будыніна насамрэч патрабавала рамонту, але на гэта ў чыноўнікаў не было грошай.

(Колас: ) “Нам падабаецца, як яго адрамантавалі. Усярэдзіну мы не заходзілі. І ня думаем заходзіць, пакуль ён ня будзе нам належаць. Я ўпэўнены, што прыйдзе дзень, калі ў гэтым судзе будзе прынята рашэньне пра незаконнасьць адабраньня дому ў ліцэю й пра вяртаньне яго законнаму ўладальніку. Прыйдзецца там, усярэдзіне, аднавіць былую пляніроўку: гэтыя краты выкінуць. Вось, бачыце, і грошы ў іх знайшліся. Калі быў ліцэй, ніякіх сродкаў не выдаткоўвалі. Памятаю, мы самі з Баршчэўскім залазілі на дах сколваць лёд, бо дах цёк са страшнай сілай. Цяпер дах адрамантавалі й гідраізаляцыю добра зрабілі”.

На лінейцы прысутнічалі выпускнікі ліцэю. Крысьціна Сіўчыкава будзе вучыцца ў Польшчы. Яна паступіла ва ўнівэрсытэт у Лодзі.

(Сіўчыкава: ) “Вельмі дзіўна, што мала знаёмых і так шмат новых абліччаў. Прыйшла падтрымаць ліцэй, прасьпяваць гімн, паглядзець, што сталася з нашым ліцэем. Бачу: тут цяпер суд”.

(Карэспандэнтка: ) “Прыгожы будынак?”

(Сіўчыкава: ) “Так. Пара ўжо забіраць”.

Міліцыянты назіралі за сходам ліцэю з двара будынку й з супрацьлеглага боку вуліцы Кірава. Калі хлопчыкі прымацавалі пад шыльдай суду аркушык з гімнам ліцэю, адзін зь міліцыянтаў, падбегшы, сарваў яго.















Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа быў створаны ў 1991 годзе загадам Міністэрства народнай адукацыі Беларусі на базе нядзельнага ліцэю, арганізаванага за год да гэтага з ініцыятывы прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі. У 1990-я Беларускі гуманітарны ліцэй стаў прэстыжнай навучальнай установаю – выкладаньне ўсіх дысцыплін там вялося па-беларуску. Некалькі разоў над ліцэем навісала пагроза дзяржаўнага рэфармаваньня або закрыцьця, аднак дзякуючы пратэстам саміх ліцэістаў, а таксама беларускай і міжнароднай грамадзкасьці ліцэй удавалася захаваць.

У 2003 годзе быў падпісаны загад Міністэрства адукацыі аб ліквідацыі ліцэю – ліцэістаў выселілі зь іх будынку на вуліцы Кірава, 21 у Менску (цяпер там месьціцца суд Цэнтральнага раёну сталіцы).

Тым ня менш ліцэй як навучальная ўстанова захаваўся: заняткі працягваюцца ў хатніх умовах, у офісах грамадзкіх арганізацыяў, ня толькі ў Беларусі, але й за мяжой. У Коласаўскім ліцэі цяпер вучацца каля васьмі дзясяткаў чалавек; конкурс сёлета склаў чатыры чалавекі на месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG