Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія школы ў новым навучальным годзе


Міхал Стэльмак, Менск Cёньня пачаўся новы навучальны год. Паводле афіцыйных зьвестак, у краіне больш за 8,5 тысяч устаноў адукацыі. У школьных клясах і ўнівэрсытэцкіх аўдыторыях навучаецца 2 мільёны 240 тысяч школьнікаў і студэнтаў. Якая частка іх атрымлівае адукацыю па-беларуску? Якія тэндэнцыі выяўляюцца сёлета зь беларускамоўным навучаньнем?

Сёньня ў Горацкай школе №3 адкрылася новая беларуская кляса. Як паведаміла Радыё Свабода дырэктар Ніна Рудашка, у ёй пачалі вучобу пяць вучняў-першаклясьнікаў:

(Рудашка: ) “Настаўніца іх прыняла, правяла ўрок па-беларуску, як належыць. На якой мове навучацца – гэта, хутчэй, волевыяўленьне бацькоў. Трэба бацькам ісьці насустрач, нават калі пяць дзяцей”.

Між тым, у Таварыстве беларускай мовы ініцыятывы, зьвязаныя з пашырэньнем у школах навучаньня па-беларуску, лічаць нетыповымі. Паводле старшыні Алега Трусава, беларускамоўнае навучаньне згортваецца:

(Трусаў: ) “Скарацілася колькасьць навучэнцаў значна: было 23 працэнты, стала – 20,4”.

У Міністэрстве адукацыі пацьвердзіць такую тэндэнцыю пакуль не сьпяшаюцца. Гаворыць начальнік аддзелу Галоўнага інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства Аляксандар Папоў:

(Папоў: ) “За мінулы год: 5 верасьня мінулага году, 2005-га, – усяго школ 4 006; 1 – 11 клясы: усяго вучняў 1 мільён 203 тысячы 780. На беларускай мове навучаецца 280 тысяч 197 – гэта 23,3 працэнты. А за гэты год дадзеныя будуць пазьней. Адзін раз у год зьбіраецца інфармацыя – да 5 верасьня. Сёньня ж – першага верасьня”.

Тым часам Міністэрства адукацыі абвясьціла, што сёлета адбылося скарачэньне школ: колькасьць іх зьменшылася на 88. Паводле экспэртаў, закрываюцца найперш школы ў вёсках, якія зьяўляюцца беларускамоўнымі.

У прыватнасьці, так адбылося ў Валожынскім раёне. Вось што паведаміла “Свабодзе” намесьніца начальніка раённага аддзелу адукацыі Галіна Сматрова:

(Сматрова: ) “Так, у нас закрыліся дзьве базавыя школы зь беларускай мовай навучаньня – у Запур’і й Шчалканах. У Шчалканаўскай базавай школе ў нас на гэты год плянавалася 34 чалавекі, а ў Запур’еўскай – 31 чалавек”.

Паводле Алега Трусава, адказнасьць за згортваньне ў краіне беларускамоўнага навучаньня нясе Міністэрства адукацыі:

(Трусаў: ) “Яно ў свой час прыняло Пастанову аб павелічэньні колькасьці беларускамоўных школ. І не выконвае ўласнай пастановы”.
XS
SM
MD
LG