Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бы вы паставіліся да перавядзеньня вашай школы на беларускую мову?


Радыё Свабода Ці гатовы вучні й іхныя бацькі да таго, каб школу цалкам перавялі на беларускую мову навучаньня? Гэта пытаньне на вуліцах Менску высьвятляла наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы паставіліся б да таго, што школу, дзе вучыцеся, перавялі на беларускую мову?”

(Хлопчык: ) “Нават і ня ведаю”.

(Другі хлопчык: ) “Цалкам нармальна. Гэта ж наша родная мова”.

(Карэспандэнтка: ) “А ты змог бы вучыцца, калі б усе прадметы па-беларуску выкладалі?”

(Хлопчык: ) “Не, ня змог бы. Матэматыку мы ж ня зможам вывучаць па-беларуску”.

(Дзяўчынка: ) “Ня ведаю. Цяпер у мяне па беларускай мове “шасьцёрка”. Таму праблемы ёсьць”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі б школу, дзе вучацца вашы дзеці, перавялі на беларускую мову, як вы да гэтага паставіліся б?”

(Спадарыня: ) “Вельмі добра. Таму што трэба ведаць і расейскую мову, і іншаземную мову, і таксама беларускую мову”.

(Спадарыня: ) “Добра паставілася б. Таму што наша пакаленьне беларускую мову наагул забылася. Хацелася б, каб яна адраджалася”.

(Хлопец: ) “Толькі “за”. Беларуская мова лепшая за расейскую. Таму што яна наша радзімая, любімая. Ніколі не адмовімся ад яе”.

(Жанчына: ) “Я адмоўна да гэтага стаўлюся”.

(Спадарыня: ) “Аднолькава стаўлюся і да беларускай, і да расейскай. Лічу, што і адна мова патрэбна, і другая”.

(Карэспандэнтка: ) “Вось каб школу, дзе вучыцца ваша дзяўчынка, перавялі на беларускую мову, як вы да гэтага паставіліся б?”

(Спадарыня: ) “Мы цалкам сьвядома аддалі сваю дзяўчыну ў 23-ю гімназію зь беларускай мовай навучаньня 6 гадоў таму. Я – за беларускамоўнае навучаньне беларускіх дзетак”.

(Карэспандэнтка: ) “Я толькі што размаўляла з такімі ж хлопчыкамі, як ты. І яны казалі, што немагчыма матэматыку вучыць па-беларуску...”

(Дзяўчынка: ) “Магчыма. Яны папросту ня звыкліся зь беларускай мовай, і таму ня хочуць на ёй вучыцца. На беларускай мове зусім ня цяжка вучыцца”.

(Жанчына: ) “Нават ня ведаю, як сказаць па-беларуску “отрицательно”. Не прывыклі мы гаварыць па-беларуску”.

(Спадарыня: ) “Я супраць. Родную мову вывучаць трэба, але перайсьці на яе цалкам вельмі складана ўжо нам”.

(Спадар: ) “Я за тое, каб дзеці навучаліся толькі на беларускай мове. Таму што ня ведаем сваёй мовы. Жывём у сваёй краіне, а роднай мовы ня ведаем”.

(Спадарыня: ) “Нават і ня ведаю. Таму што магчымасьцяў потым ужываць беларускую мову ня так шмат”.

(Жанчына: ) “Адмоўна. Таму што дзіця ня будзе ведаць ні расейскай, ні беларускай моў”.

(Юнак: ) “Ня ведаю. Больш звыкла – на расейскай мове”.

(Хлопец: ) “А я паставіўся б да такога радасна”.

(Карэспандэнтка: ) “І вы лічыце, што ўсе прадметы можна вывучаць па-беларуску?”

(Хлопец: ) “На нашай роднай мове ўсё магчыма вывучаць”.

(Юнак: ) “Наша беларуская мова – наша родная мова. І яна павінна быць мовай, на якой мы размаўляем, вучымся”.

(Спадар: ) “Мусяць усе па-беларуску размаўляць. І ня толькі ў навучальных установах – паўсюль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG