Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі перасьледуюць дэпутатаў з дэмакратычнымі поглядамі?


Радыё Свабода, Менск Паводле афіцыйнай інфармацыі, у складзе мясцовых саветаў Беларусі амаль дзьве сотні дэпутатаў ад апазыцыйных партыяў і рухаў. Сёньня на Радыё Свабода – галасы тых, хто выказвае сваё стаўленьне да праблем, зь якімі сутыкнуўся бабруйскі дэпутат Алесь Чыгір. Дэпутаты таксама распавядаюць уласныя гісторыі ўзаемадачыненьняў зь мясцовымі ўладамі.

Гаворыць дэпутат Наваполацкага гарадзкога Савету Васіль Галавацкіх:

(Галавацкіх: ) “Я Алеся ведаю. І таму, канечне, успрымаю як вельмі сумнае паведамленьне, што зь ім не падоўжылі кантракту. Самае складанае ў нашай справе – тое, што ў кожнага ёсьць сем’і й дзеці. Вельмі моцныя за іх хваляваньні. Я таксама працую на кантракце. І ўжо разглядалася пытаньне: доўжыць яго ці не. Але адміністрацыя “Нафтану” пакуль што пагадзілася падоўжыць”.

(Карэспандэнт: ) “А наўпрост папракалі, што вы займайцеся палітыкай, падзяляеце погляды апазыцыі?”

(Галавацкіх: ) “Такі ціск ёсьць. Але я скажу: ёсьць і прыхільнікі. Людзі ж таксама разумеюць, што адбываецца ў краіне. Ня ведаю, як будзе далей. Пакуль я працую”.

Далей – наша гутарка зь Зінаідай Мілешчанкай. Яна – дэпутат Круглянскага райсавету на Магілёўшчыне. Кажа, што пошукі працы пакуль не прынесьлі плёну.

(Мілешчанка: ) “Цяпер мяне нават выключаюць з уліку ў службе занятасьці, нягледзячы на тое, што я дэпутат. Па дакумэнтах я – адзінокая жанчына, бяз сродкаў існаваньня. Яшчэ раней мне перасталі даваць грошы на дэпутацкую працу, і я праводзіла яе за кошт тае дапамогі, што атрымлівала як беспрацоўная”.

Са слоў Зінаіды Мілешчанкі, маці трох дарослых дзяцей, толькі іхная дапамога дазваляе неяк выкручвацца. Наконт перасьледу паводле ейных палітычных перакананьняў дэпутатка мяркуе гэтак:

(Мілішчанка: ) “Я ўжо ў такім становішчы і ўзросьце, што баяцца няма чаго. Я ня думаю, што магчыма зрабіць нешта горшае за тое, як мяне прыціснулі цяпер”.

Зінаіда Мялешчанка паведаміла таксама: жыхары Круглага агітуюць яе змагацца за дэпутацкае месца і ў наступную выбарчую кампанію.

Між тым, дэпутат Бярозаўскага райсавету на Берасьцейшчыне Яўген Пракурат аспрэчвае мажлівасьць дэмакратычных выбараў на мясцовым узроўні:

(Пракурат: ) “Хутчэй за ўсё, ніхто з дэмакратычных кандыдатаў увогуле ня ўвойдзе ў склад ніводнага савету”.

Як даводзіць суразмоўца, перадусім гэтае перакананьне грунтуецца на фактах перасьледу цяперашніх дэпутатаў мясцовых саветаў. Маючы вышэйшую адукацыю гісторыка й немалы досьвед працы, Яўген Пракурат застаецца на сёньня беспрацоўным.

(Пракурат: ) “На маіх родных таксама выходзілі супрацоўнікі КДБ. Сьцьвярджалі, што я ня здолею адшукаць працы ўвогуле на Берасьцейшчыне”.

(Карэспандэнт: ) “Што, іхныя словы спраўджваюцца?”

(Пракурат: ) “Ну, вядома. Ня толькі ў адносінах да мяне. Даходзіць да абсурду: нават грузчыкамі й тое не бяруць на працу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG