Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірану пагражаюць міжнародныя санкцыі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У чацьвер завяршыўся тэрмін, які Рада бясьпекі ААН дала Тэгерану, каб ён спыніў сваю ядзерную праграму. Гэта патрабаваньне не было выкананае. Паводле дадзеных Міжнароднага агенцтва у ядзернай энэргіі, Іран працягвае ядзерныя распрацоўкі. Але ці пойдзе Рада бясьпекі на жорсткія санкцыі?

ЗША сваю пазыцыю акрэсьлілі даўно: Белы дом выступае за дзейсныя санкцыі. Учора прэзыдэнт Джордж Буш яшчэ раз падкрэсьліў, што “радыкальны рэжым у Іране пагражае ўсяму сьвету, і ЗША не дапусьцяць, каб ён атрымаў ядзерную зброю”.

Расея і пасьля ўчорашняй справаздачы МАГАТЭ заяўляе, што лепшым выйсьцем з крызысу вакол іранскай ядзернай праграмы будзе дыялёг з Тэгеранам, а не яго ізаляцыя. Сёньня гэтую пазыцыю выказаў расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў.

(Лаўроў: ) “Небеззаганная, і з гледзішча міжнароднага права , і з гледзішча здаровага сэнсу, лінія на ізаляцыю тых ці іншых гульцоў на міжнароднай арэне. Наадварот, сёньняшняя праблема патрабуе ўцягваньня ў дыялёг усіх краінаў, улучна з тымі, да якіх ёсьць пытаньні. Разьвязаньне праблемы трэба шукаць праз дыялёг, а не праз ізаляцыю, і не праз санкцыі”.

Аналягічную пазыцыю займае і Кітай. Таксама Францыя ня мае пакуль цьвёрдай пазыцыі ў гэтай праблеме. Францускі міністар замежных справаў Філіп Дуст-Блазі выказаў шкадаваньне з нагоды адмоўнага адказу Ірану, але сказаў, што перамовы з Тэгеранам павінны працягвацца. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель перакананая, што нельга зачыняць дзьверы перад Тэгеранам, але і нельга рабіць выгляду, быццам нічога не здарылася.

Цяпер настае час перамоваў. Ужо сёньня ў Фінляндыі на нефармальнай сустрэчы міністры замежных справаў Эўрапейскага зьвязу сярод іншага абмяркоўвалі і іранскую праблему. На наступным тыдні пяць сталых сяброў Рады бясьпекі і Нямеччына абмяркуюць у Бэрліне пакет магчымых санкцыяў супраць Ірану. Напярэдадні адбудзецца сустрэча каардынатара зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хавіера Саляны з Алі Ларыджані, які адказвае ў Іране за перамоўны працэс у ядзернай праблеме.

Іран жа цьвёрда стаіць на сваім: паўтарае пра гатовасьць да перамоваў, аднак пры ўмове павагі да яго права мець уласную ядзерную энэргетыку. Учора іранскі прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэджад у тэлевыступе яшчэ раз заявіў:

(Ахмадзінэджад: ) “Усе павінны ведаць – Іран ніколі не паддасца ціску і агрэсіі і ня зьмірыцца з парушэньнем яго ўласных правоў”.
XS
SM
MD
LG