Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка загіблай прадпрымальніцы будзе і далей вучыцца платна


Радыё Свабода, Гомель Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны ня зможа ў бліжэйшы час дапамагчы студэнтцы 1 курсу гістарычнага факультэту Кацярыне Багамолавай, дачцэ прадпрымальніцы Ірыны Багамолавай, якая загінула 21 жніўня ў Маскве падчас тэрарыстычнага выбуху. Пра гэта паведаміў прарэктар ўнівэрсытэту ў вучэбных справах Ігар Семчанка.

Бацька студэнткі, інжынэр аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў, і рада прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку хадайнічалі перад мясцовымі ўладамі і кіраўніцтвам унівэрсытэту наконт пераводу Кацярыны Багамолавай з платнага на бюджэтную форму навучаньня. Тым самым была б аказана істотная матэрыяльная падтрымка сям''і загіблай прадпрымальніцы, якая нечакана страціла большую частку даходаў.

Прарэктар Семчанка патлумачыў, што новыя палажэньні наконт пераводу студэнтаў з платнага на бюджэтнае навучаньне і прадастаўленьня скідак за навучаньне, ухваленыя сёлета ў траўні Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, “не даюць ніякай свабоды вышэйшым навучальным установам”.

Саўмін забараніў паніжэньне платы альбо перавод студэнтаў на бюджэтнае навучаньне на першым курсе. Гэтыя пытаньні можна будзе разглядаць толькі па выніках першага году навучаньня, і толькі пры ўмове, што сярэдні бал па кожнай дысцыпліне будзе не ніжэй за шасьцёрку.



Ва ўнівэрсытэце імя Францішка Скарыны толькі каля 60 адсоткаў студэнтаў навучаюцца бясплатна. Астатнія вымушаны плаціць уласныя грошы за атрыманьне вышэйшай адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG