Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Начная аБЛОГа” – 31 жніўня


Юлія Шарова, Менск Вы слухаеце “Начную аБЛОГу” – мы блукаем па беларускім сеціве.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць сытуацыю на Менскім гадзіньнікавым заводзе. Як вядома, падатковыя органы ініцыявалі пачатак справы аб банкруцтве гэтага прадпрыемства. Вось што пішуць удзельнікі форуму:

“Нешта на мяне гэтая навіна сум навяла. Ня ведаю чаму. Прыгадалася, што ў мяне калісьці быў гадзіньнік “Луч”, а потым згубіўся. Мабілка зьявілася, і ён стаў ужо непатрэбны. І прыгадаліся шапікі з таннымі кітайскімі гадзіньнікамі зь нізкімі цэнамі. Не, у заводу няма будучыні”.

“…Станоўчы прыклад заводу “Луч” вось у чым: перад намі яскравы прыклад таго, што выкананьне прагнозных паказьнікаў па аб’ёме вытворчасьці значыць толькі ступень загружанасьці складоў, і нічога больш”.

На форумах афіцыйнага сайту Менгарвыканкаму адзін з удзельнікаў прапануе паразважаць наконт патрэбнасьці, законнасьці й справядлівасьці прапіскі: “На мой погляд, адзіны вынік гэтага патрабаваньня – стварэньне нелегальнага рынку прапіскі за грошы ў прыватных асобаў, то бок людзі, маючы прыватны дом у Менску, могуць рабіць неблагія грошы проста з паветра (па 300 ўмоўных адзінак за адну прапіску на год). Наколькі гэта справядліва, улічваючы, што ахвярамі сытуацыі робяцца маладыя людзі пасьля ВНУ альбо маладыя сем’і, якім і бяз гэтага няпроста станавіцца на ногі”.

На сайце Радзіма майго духу зьявіліся новыя здымкі беларускіх мясьцінаў – там царква Сьвятой Тройцы ў вёсцы Востраў Ляхавіцкага раёну, а таксама фота з гомельскага палацава-паркавага ансамблю. На адным са здымкаў відаць, што наведнікі гомельскага парку ператварылі дэкаратыўную гармату ў сьметнік...

Літаратар паводле захапленьня й піяніст паводле прафэсіі Віталь Стахіевіч зьмяшчае ў сваім “ЖЖ” уласны верш:

Ціха сонца ўстае над местам, Прачынаюцца далягляды Віядукаў, будынкаў і лесьвіцаў, Што вядуць на вакзальчык. І ў неба. Я брыду пад мастом, над дарогаю, І ня чую зямлі пад нагамі, І блукаю, губляюся ў зьмесьціве Гэтых ліній, і гукаў, і фарбаў. Я хацеў бы зайсьці на плятформу, Ўзяць цягнік і паехаць на лётнішча, Каб адправы ў кірунку Радзімы Праваджаць неспакойна вачамі. Я ня бачу нікога навокал, Быццам трапіў у кіно ці на фота, Я бязмэтна адмерваю крокі І маўчу вельмі гучна. На forte.

Магілёўскі літаратар Аляксей Бацюкоў прапануе чытачам свайго інтэрнэт-дзёньніка народную песьню пра камбайнёра Колю, запісаную ў вёсцы Лазаравічы Быхаўскага раёну. Песьня была запісаная для супольнага музычнага праекту “Народны альбом”, аднак на дыску яе няма.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG