Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭН-цэнтар і “Наша ніва” падвялі вынікі конкурсу


Валянціна Аксак, Менск Беларускі ПЭН-цэнтар і газэта “Наша ніва” падвялі вынікі конкурсу маладых літаратараў, прысьвечанага стогадоваму юбілею “НН”. У сьнежні ў Менску пройдуць майстар-клясы для фіналістаў. Іх творы будуць выдадзеныя асобнай кнігай.

Усяго на разгляд журы даслалі творы 80 аўтараў. Журы вызначыла 22 фіналістаў. Гэта Яраслава Ананка, Юлія Арцёмава, Ірына Барысевіч, Валянцін Бойка, Кірыл Дуброўскі, Сяргей Карбановіч, Алесь Кудрыцкі, Настасься Манцэвіч, Сяржук Мядзьведзеў, Андрэй Пакроўскі, літдуэт Сірошка Пістончык і Ўласік Смаркач, Віталь Рыжкоў, Аляксей Сарока, Ганна Серахан, Сяржук Семянюк, Наталка Харытанюк, Юлія Шадзько, Віктар Ываноў, Юлія Яфімовіч.

Адметнасьць сёлетніх нашаніўскіх канкурсантаў у тым, што гэта пераважна не філялягічная паводле адукацыі моладзь. Да прыкладу, дваццаціаднагадовы Сяржук Мядзьведзеў вучыцца ў Беларускім унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на праграміста, але гэта не перашкаджае яму пісаць эсэ і вершы. Вось адзін з дасланых на конкурс.

Твой пакой і ўвечары і зранку напаўняе спакой, як пустую бляшанку калісьці з ікрой, і сонца на ганку расьцісьнеш нагой яшчэ на сьвітанку.

Перамога ў нашаніўскім конкурсе дадала Сержуку Мядзьведзеву сякіх-такіх амбіцыяў.

(Мядзьведзеў: ) “Нобэлеўскай прэміі мне ніхто ня дасьць, але маю амбіцыі, каб проста гэтага ня кідаць”.

Дваццацітрохгадовая выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Наста Манцэвіч і раней дасылала свае празаічныя карацелькі і вершы на нашаніўскія конкурсы, таму сёлетняя ацэнка журы яе твораў асабліва парадавала і нарадзіла ўпэўненасьць у пасьпяховай літаратурнай будучыні.

(Манцэвіч: ) “Я хацела перамагчы, і гэта натхніла мяне – нейкая такая ацэнка творчасьці, думаю, важная”.

Дасланыя творы канкурсантаў парадавалі і арганізатараў конкурсу, прысьвечанага стагодзьдзю “Нашае Нівы”, нягледзячы на тое, што падвядзеньне ягоных вынікаў зьбеглася па часе з драматычнымі падзеямі пазбаўленьня пісьменьнікаў Дому літаратара. Вось як сфармуляваў свае ўражаньні ад знаёмства з новай літаратурнай хваляй адзін зь сяброў журы Уладзімер Арлоў:

(Арлоў: ) “Творы канкурсантаў сьведчаць, што ў беларускай літаратуры адбываецца зьмена пакаленьняў і прыходзяць новыя, зусім маладыя адукаваныя, таленавітыя паэты, празаікі, эсэісты. Можна пазбавіць пісьменьнікаў Дому літаратара, можна ліквідаваць Саюз пісьменьнікаў, але конкурс, прысьвечаны стагодзьдзю “Нашае Нівы”, сьведчыць, што нельга ліквідаваць беларускую літаратуру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG