Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Шчукін аспрэчыў судовую пастанову


Радыё Свабода, Віцебск Першамайскі раённы суд Віцебску наклаў арышт на абанэнцкі рахунак Валера Шчукіна ў сетцы “VELCOM” – з мэтай спагнаньня штрафу, прысуджанага Шчукіну яшчэ ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Але сёньня ў абласным судзе вядомаму журналісту й праваабаронцу ўдалося давесьці, што ягоны рахунак арыштаваны незаконна.

Як высьветлілася, штраф (нібыта за абразу старшыні выбарчай камісіі, у якой Шчукін быў зарэгістраваны назіральнікам у часе сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў) апазыцыянэр сплаціў яшчэ месяц таму.

У раённым судзе пра гэта чамусьці ня ведалі. Таму рашэньне аб арышце тэлефоннага рахунку Шчукіна было неправамоцнае. І калегія абласнога суду адмяніла гэтую пастанову.

Валер Шчукін зьвярнуў увагу калегіі яшчэ й на тое, што такое спагнаньне штрафаў увогуле незаконнае. Паводле заканадаўства, штраф павінны вылічваць з прыбыткаў грамадзяніна (заробкаў, пэнсіяў, стыпэндыяў), а не з выдаткаў, якія фактычна ўжо не належаць асобе, што іх выплаціла.

На думку Шчукіна, зробленыя Першамайскім раённым судом захады маюць быць забароненыя на самым высокім узроўні, бо інакш у Беларусі неўзабаве можа разьвіцца практыка вылічваць штрафы з камунальных выплат за кватэру, сьвятло й гэтак далей.

Аднак абласная судовая калегія пакінула гэтыя заўвагі праваабаронцы без камэнтароў. Валер Шчукін мерыцца зьвярнуцца з адпаведнай заявай у Вярхоўны суд.
XS
SM
MD
LG