Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: пайшлі ў грыбы – і не вярнуліся


Радыё Свабода, Гомель Пасьля моцных дажджоў у лясох Гомельскай вобласьці адзначаецца пік грыбнога сэзону. Адначасова пачасьціліся выпадкі зьнікненьня людзей. У прэсавай службе абласной міліцыі расказалі, што за апошнія сем дзён жніўня ў праваахоўныя органы паступіла шэсьць заяваў аб зьнікненьні людзей, што пайшлі ў грыбы й дамоў не вярнуліся.

Два грыбнікі зьніклі ў Добрускім раёне. Аднаго зь іх, пэнсіянэра, знайшлі мёртвым. Прычына сьмерці высьвятляецца.

Невядомы лёс 64-гадовай жыхаркі Добрушу Людмілы Лапаценкі. Як апавядаюць суседзі, 24-га жніўня Людміла выправілася ў лес у грыбы, і з таго часу яе ніхто ня бачыў.

Інспэктар па вышуку зьніклых людзей Добрускай міліцыі Валер Лаўноў канстатуе: пошукі вынікаў не далі.

(Лаўноў: ) “Мы шукалі з дапамогай супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацый і нашай міліцыі. Два дні прачэсвалі лес. Але безвынікова”.

Паветраных сродкаў пошуку (да прыкладу, верталётаў) не скарыстоўвалі.

(Лаўноў: ) “А верталёт – як? Тут лес: зьверху не відаць зь верталёта. Калі цягам 10 дзён жыхарка Добрушу ня знойдзецца, міліцыя змушаная будзе афіцыйна аб’явіць вышук”.

Лёс Леаніда Бормана, 70-гадовага грыбніка з Калінкавіч, склаўся ня так драматычна. Ён паехаў цягніком у грыбы ў Петрыкаўскі раён. У лесе заблудзіўся. Але міліцыя яго не шукала.

Расказвае кіраўнік крымінальнай міліцыі Калінкавіч Васіль Кузьменка:

(Кузьменка: ) “Гэтым разам мы яшчэ не пасьпелі распачаць пошуку. Арыентавалі Петрыкаўскі райаддзел міліцыі. Таму што гэта тэрыторыя Петрыкаўскага раёну. Даслалі туды тэлеграму з прыкметамі грыбніка”.

Грыбнік жа на другі дзень аб’явіўся ў паселішчы Мышанка.

Апавядае ўнучка Леаніда Бормана Вольга:

(Вольга: ) “Патэлефанавала адна кабета й сказала, што бачыла мужчыну з такімі прыкметамі. Мы паехалі туды – і забралі дзядулю”.

Ня мелі плёну пошукі міліцыяй 34-гадовай жыхаркі Рэчыцы, якая выправілася з сынам у грыбы ў вёску Ўнорыца. У лесе маці з сынам разлучыліся. Затым сын паведаміў у міліцыю, што маці зьнікла. Ахоўнікі прачасалі лес, але жанчыны не знайшлі. Празь дзень яна напаткала пастухоў зь вёскі Першамайск, што знаходзіцца прыкладна за 10 кілямэтраў ад таго месца, дзе спадарыню шукалі міліцыянты й супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG