Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Астрэйка чытае ў турме кнігі В.Быкава, У.Арлова й А.Лукашука


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Мікалая Астрэйкі пагоршылася здароўе. Але сам ён ні на што ня скардзіцца, а вольны час у турме бавіць за чытаньнем беларускіх кніг. У якіх умовах утрымліваецца лідэр “Партнэрства”?

Ужо болей за паўгода, з 21 лютага, лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка пазбаўлены волі. Цяпер ён знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, дзе чакае перагляду справы актывістаў “Партнэрства” ў гарадзкім судзе. 30 жніўня маці спадара Астрэйкі Яўгенія мела зь ім спатканьне. Паводле яе, у камэры разам з сынам яшчэ 14 чалавек, а таму там сьпякота й шмат хто хварэе. Захварэў і Мікалай.

(Яўгенія Астрэйка: ) “Пачуваецца ён ня вельмі добра, бо прастудзіўся. Я запыталася ў яго, як ён мог прастудзіцца, калі ўсяго гадзіну бывае на прагулцы. Перадала яму цёплыя красоўкі. І куртка ў яго ёсьць. Ён сказаў, што там няма рамаў, а вокны ставяць толькі з пачаткам ацяпляльнага сэзону. Сёньня я сустракалася з доктарам, а заўтра панясу сыну перадачу за верасень: мёд, лімоны, нейкія вітаміны. Каб яго падтрымаць”.

Паводле Яўгеніі Астрэйкі, ейны сын у турме бавіць вольны час за чытаньнем беларускіх кніг: Васіля Быкава, Францішка Аляхновіча, Уладзімера Арлова, Аляксандра Лукашука. Кнігі перадаюць сваякі й сябры. Але асаблівую падзяку Мікалай выказаў пісьменьніку Ўладзімеру Арлову.

(Яўгенія Астрэйка: ) “Той перадаў і падпісаў сваю кнігу “Сланы Ганібала”, якую Мікалай адразу й прачытаў. Перадаў “Россыпы” Кастуся Акулы, Францішка Аляхновіча – “У кіпцюрах ГПУ”, выданьне “Быкаў на “Свабодзе”. А яшчэ перадаў кнігу Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі”. Гэтыя кнігі там і застануцца. Выхавацель зьдзіўляўся, што сын такі пісьменны, шмат піша й чытае”.

Маці турбуецца, каб сын не сапсаваў у турме зроку і ўвогуле просіць ашчаджаць здароўе. Але Мікалай, паводле спадарыні Астрэйкі, ні на што ня скардзіцца й запэўнівае: зь ім усё будзе добра. Са слоў маці, у сярэдзіне верасьня стане вядома, калі ў гарадзкім судзе Менску адбудзецца касацыйны разгляд справы актывістаў “Партнэрства”. “Сын вельмі спадзяецца на сумленнасьць гарадзкіх судзьдзяў”, – кажа Яўгенія Астрэйка.

Нагадаем: чатырох актывістаў “Партнэрства” судзілі ў жніўні ў Цэнтральным судзе Менску. Працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Маладыя людзі, якія спрабавалі наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі, былі прызнаны вінаватымі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аляксандар Шалайка й Эніра Браніцкая атрымалі па паўгода турмы й 21 жніўня выйшлі на волю. Цімафей Дранчук засуджаны на год: яго таксама ўтрымліваюць ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Вядома, што ў камэры Цімафей пачаў рыхтавацца да заняткаў ва ўнівэрсытэце. Мікалаю Астрэйку прысудзілі 2 гады зьняволеньня. Вінаватымі сябе ніхто з актывістаў “Партнэрства” не прызнаў.
XS
SM
MD
LG