Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму гастарбайтэры зь Беларусі адчуваюць сябе неабароненымі ў Маскве?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёну адбылося пахаваньне 21-гадовага Ігара Занька. Як паведамляла Радыё Свабода, юнак быў забіты ў Маскве. Ад гастарбайтэра зь Беларусі расейскія рабаўнікі патрабавалі грашовай даніны.

Паводле неафіцыйных зьвестак, на будоўлях расейскай сталіцы штогоду працуюць некалькі тысяч беларусаў. Статыстыка сьмяротных выпадкаў на вытворчасьці й ад вымаганьня няўхільна павялічваецца.

Пахаваньне на адным тыдні сёмага па ліку гастарбайтэра ўзрушыла Ганцаўшчыну. Гаворыць мясцовы жыхар Пятро Гузаеўскі:

(Гузаеўскі: ) “Штогоду па некалькі трупаў прывозяць. То заб’юць, то зваліцца й пакалечыцца насьмерць. З Аўганістану да нас столькі ня везьлі, колькі з Расеі пруць! Там гінуць невядома пры якіх акалічнасьцях. Там жа ніхто не ўнікае ў прычыны”.

Зь якіх прычын у Маскве, як пра гэта сказаў Пятро Гузаеўскі, павялічваецца бандытызм адносна гастарбайтэраў? Абмяркоўваем сытуацыю з супрацоўнікам беларускай амбасады ў Расеі Аляксандрам Гардзейчыкам.

(Гардзейчык: ) “Грамадзяне Беларусі, якія прыяжджаюць на заробкі ў Расею, абавязаны станавіцца на консульскі ўлік у амбасадзе. Але, да жалю, вельмі шмат беларусаў зьвяртаюцца толькі ў тых выпадках, калі адчуваюць пэўныя перашкоды”.

Аляксандар Гардзейчык не называе наўпрост статыстычных дадзеных пра калецтвы й сьмерці землякоў, якія апынуліся ў Расеі. Ён агучвае толькі ўскосныя зьвесткі:

(Гардзейчык: ) “У сярэднім штодзённа зьвяртаецца асабіста да 30 чалавек. Найперш пра што ідзе размова? Пра адсутнасьць рэгістрацыі, пратэрмінаваныя пашпарты, пра адсутнасьць працоўных кантрактаў у грамадзянаў, якія парушаюць парадак знаходжаньня ў Расеі й не выконваюць усталяваных расейскім заканадаўствам патрабаваньняў”.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі таксама вінавацяць пацярпелых. Супрацоўнік ведамства, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча, канстатуе: пакуль ёсьць адзіны сродак абароны гастарбайтараў:

(Міліцыянт: ) “Толькі прафіляктыка. І намі, і з вашай дапамогай. Толькі прафіляктыка...”

Чаму абвастраецца праблема гібелі беларусаў у Расеі? Праблему камэнтуе дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык:

(Антончык: ) “Што ў дадзеным выпадку ні абвяшчала б афіцыйная прапаганда, якія песьні ні сьпявалі б, зразумела адзінае: калі людзі шукаюць лепшай долі, то значыць – тут сытуацыя дрэнная. Значыць – людзі шукаюць выйсьця, ратунку й гатовы працаваць без пашпартоў і працоўных кніжак. Каб толькі зарабіць на кавалак хлеба. Гэта – першае. Па-другое, што б тут ні казалі пра сацыяльную абарону насельніцтва, кіраўніцтва краіны забыла пра сваіх сыноў і дачок. Перадусім яно клапоціцца пра электарат, які будзе за яго галасаваць. Таму трагедыяў, на жаль, будзе ўсё больш. Бо ўсё больш людзей мусяць быць гастарбайтэрамі”.
XS
SM
MD
LG