Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якая галоўная праблема беларускай школы?


Альгерд Невяроўскі, Менск Зь якімі праблемамі ў сучаснай беларускай школе вучні й іхныя бацькі сутыкаюцца найчасьцей? Напярэдадні 1 верасьня гэтае пытаньне тыдня беларускай “Свабоды” мінакам задаваў наш менскі карэспандэнт.

(Спадар: ) “Школы?.. Можа быць, недахоп кваліфікаваных кадраў. Я думаю, што мала плацяць”.

(Спадарыня: ) “Дзеці пакінуты без нагляду, а настаўнікам усё роўна. Гэта ненармальна. Каб да іх ставіліся больш строга, яны вучыліся б”.

(Спадарыня: ) “Вось у майго ўнука вельмі перапоўнена кляса – 31 чалавек. Гэтае не дае магчымасьці якаснага навучаньня”.

(Спадарыня: ) “Вельмі мала дзяцей цяпер. Школы зачыняюцца, настаўнікі беспрацоўныя”.

(Спадарыня: ) “Галоўнае, чым цяпер занята школа, – гэта як больш выцягнуць з бацькоў грошай. Але не вучобай дзяцей. Гэта самая галоўная праблема”.

(Вучаніца: ) “Многа сышло ад нас добрых настаўнікаў. Мы да іх прызвычаіліся ўжо. І хацелася, каб яны да нас вярнуліся”.

(Карэспандэнт: ) “Якія галоўныя праблемы сучаснай беларускай школы?”

(Спадар: ) “Трэба больш фінансаваць, трэба больш школе выдаткоўваць сродкаў”.

(Спадарыня: ) “Тое, што пэдагогі пастаўлены ў залежнасьць ад вучняў. Раней мы паважалі настаўніц і лічылі другімі мамамі. А цяпер дзеці могуць устаць на ўроку й выйсьці. Што хочуць, тое й робяць. Вельмі складана настаўнікам зь імі працаваць”.

(Настаўнік: ) “Абудзіць у дзяцей цікавасьць да прадмету. Гэта не заўсёды ўдаецца. Дзеці лічаць, што нейкія прадметы ім патрэбны, а нейкія – не. І часта ў гэтым яны занадта катэгарычныя”.

(Спадарыня: ) “Вельмі цяжкія падручнікі. З настаўнікамі праблем няма. Усе яны добрыя й адукаваныя. Увялі форму для вучняў – добра. Цяпер думаюць, як адну кніжку падзяліць на некалькі, каб лягчэй было насіць. Бо такія дужа цяжкія заплечнікі ў дзяцей. Менавіта цяжкія, – з вагі”.

(Вучаніца: ) “Мала ўжываецца ў школе беларуская мова. Таму хацелася б, каб у школе больш выкладалі па-беларуску”.
XS
SM
MD
LG