Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Няўжо ня сорамна нашаму ўраду і асабіста прэзыдэнту за тое, што выселілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара?"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за 30 і 31 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода.” Я хачу сказаць, што мне не хапае толькі Вас, я толькі пра Вас думаю. Я рада, што я маю Вас, шаноўная “Свабода.” У мяне яшчэ ёсьць, што добрае Вам сказаць. Але я толькі магу гэта сказаць, як мы спаткаемся. А так па тэлефоне, я лічу, ня варта. Дзякую Вам за ўвагу”.

(Марыя Іванаўна Бартось зь в. Квасоўка: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Я хачу сёньня сказаць, Аляксандр Уладзімеравіч Мілінкевіч – гэта наша шчасьце, гэта наша радасьць, гэта наша будучыня. І лукашысты, якіх на Беларусі 20 %, не зламаюць наш народ, 80 %, што жывуць у жабрацтве, на якіх надзетыя кайданкі. Нідзе нічога не даб’есься, цябе ніхто ня слухае, цябе выкідваюць, хоць і адпрацаваў столькі гадоў. Каб пражыць, трэба з вышэйшай адукацыяй стаяць на базары, на дарозе грушы прадаваць! Я не хачу гаварыць пра Лукашэнку, не хачу і пра яго стаўленьнікаў, якія прызначаюцца, а не выбіраюцца. Майго мужа людзі выбіралі на комплексе загадчыкам комплексу! А прыйшоў кіраўнік з калгасу і сказаў: “Што? Вы сёньня выбіраеце, што хочаце, каго хочаце, а заўтра будзеце выбіраць мяне! Так ня выйдзе”. І прызначыў другога, каго хацеў, хто мацюкі гне на людзей, хто нас не лічыць за народ! Гэта так павінна быць?”

(Ларыса зь Менску: ) “Апошнім часам шмат разважаюць пра тое, што за людзі нашы беларусы: куды ідуць, аб чым мараць. Сутыкнулася зь некаторымі маладымі, якія працуюць, шукаюць свой шлях у жыцьці, і ў іх атрымліваецца. А са свайго вакна бачу: стаяць п’яныя і напалову п’яныя, стаяць амаль з самага раньня, размаўляюць. Колькі слоў! Як быццам аратары! Але якія словы? Нават брыдка слухаць! Вось каго павінны прызваць да парадку, вось куды павінны кінуць свой позірк праваахоўныя органы. Ёсьць многа маладых людзей, якія хочуць зьмяніць такую рэчаіснасьць. Зарэгістраваць – і няхай працуюць у тым напрамку, каб зьмяніць гэтае становішча, бо ў іх многа прапаноў. І ўрад, і грамадзтва павінны іх падтрымаць і прыслухацца да іх”.

(Марыя Іванаўна зь в.Квасоўка: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! У вёсцы Квасоўка Гарадзенскага раёна школа зь беларускай мовай навучаньня. А тут нават і ня пахне навучаньнем на беларускай мове. Паставілі дырэктара, які ня хоча размаўляць па-беларуску і дзяцей так вучыць. Добра шпараць па-расейску. Сакратара паставілі з Варонежу. Ну і ўсё. Прыходзіш у школу і дзіву дзівісься: каго ж паставілі выхоўваць дзяцей. Гады чатыры таму дырэктарам быў Іван Васільевіч. Ён добра валодаў беларускай мовай і даваў прыклад настаўнікам і дзецям. Дык адправілі яго на пэнсію, каб усё зруйнаваць. І зруйнавалі, атрымалася. Але ж нам, настаўнікам, каля гэтай школы агідна хадзіць. Мы гэтую школу абыходзім. Бо там ня пройдзеш. Могуць і пасьвістаць, і што хочаш зрабіць – там няма ніякага парадку. Такога не было чатыры гады таму. Вось так вучаць у нас дзяцей. Вось так беларускія школы зруйнавалі і зрабілі іх расейскімі. Чаго далей чакаць? Усяго Вам найлепшага, Радыё Свабода”.

(Спадарыня: ) “Хачу выказаць думкі наконт праблемаў народнай адукацыі. Па-першае, школамі і іншымі навучальнымі ўстановамі павінны кіраваць нацыянальна сьвядомыя людзі, у тым ліку і працаваць у Міністэрстве адукацыі. Дзе ж гэтыя настаўнікі-патрыёты, якім праклаў шлях Якуб Колас? Сёньня сярод дырэктараў мінскіх школ такіх знойдзецца два-тры чалавекі, а ў міністэрстве і таго горш. Адмянілі экзамэн па беларускай літаратуры ў школах, гэтым самым прынізіўшы ў вачах вучняў лепшых пісьменьнікаў Радзімы, усясьветна вядомых. Не, пакуль мы будзем адсякаць свае нацыянальныя карані, ня вырашым праблемаў выхаваньня сапраўднага грамадзяніна-патрыёта. А бяз гэтага нельга рухацца наперад”.

(Тацьцяна Барэль з Асіповічаў: ) “Добры вечар. БТ я апошнім часам зусім не гляджу, пачула, што паказвалі сюжэт пра летнік на возеры Пясчаным. Лічу, што моладзі лепш бавіць час у летніку, чым піць гарэлку і ўжываць наркотыкі. Праўда, псыхалягічны адбор дзяцей у гэты летнік безумоўна павінен быць, каб не махалі падлеткі проста так кулакамі на вуліцы”.

(Ларыса зь Менску: ) “Няўжо ня сорамна нашаму ўраду і асабіста прэзыдэнту за тое, што выселілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара? Усё гэта адбываецца таму, што многія, хто ўваходзіць у наш урад, не цікавяцца творамі беларускіх пісьменьнікаў і наогул беларускай літаратурай. Нават не дачакаліся таго моманту, калі нашы грамадзяне маглі б дапамагчы Саюзу пісьменьнікаў, сабраўшы грошы, каб аплаціць арэнду за будынак. Нам усім беларусам сорамна за гэты ўчынак нашага ўраду. Беларусы, што з намі адбываецца, куды мы ідзем?”

(Спадар: ) “Я наконт вашага сёньняшняга выступу. Наконт цьвінтару ў Горадні польскім жаўнерам. Ну дык вы сабярыце апазыцыю, пад’едзьце, зрабіце, навядзіце там парадак. Хоць адну добрую справу зрабіце. Што вы тут ўсё разводзіце? Гэта ж нехта падзякуе. А то шпацыруеце па Менску з “Чарнобыльскім шляхам,” а быў хто-небудзь з вас у Чарнобылі? Наконт адукацыі. Вы сёньня наогул дакаціліся, што ў Беларусі адукацыя і настаўнікі ўсе прыдуркі. Вы самі ўсе ў гэтай сыстэме вучыліся і ня дурнямі ж павыходзілі. Што вы так апускаеце ўсю гэтую Беларусь: і адукацыю, і навуку? Усё вам ня так. Я ўжо ня першы раз вас пытаю. Хачу ведаць канкрэтна, што прапануе апазыцыя. Па пунктам: за кошт чаго Беларусь будзе жыць лепш? За кошт гэтага, гэтага і гэтага…А то калі Мілінкевіч выступаў першы раз, то дакладна адпавядаў свайму першаму прозьвішчу. І наконт Завадзкага, Ганчара і Захаранкі. Вы лепш спытайце ў Грыба, Шушкевіча, Лябедзькі… Яны лепш ведаюць. Не дурыце вы людзям галаву наконт гэтага. Іна Кулей выступала. Яе сыны там лайдакі. Іх ужо выганяюць за п’янства ў Польшчы. Што вы "дурью маетесь"? Вы ж разумныя людзі! Той, хто вас слухае, проста пальцам каля віску круціць. У мяне ўсё з таго, што я хацеў выказаць. Пакуль”.

(Спадар: ) “Калі гэта праўда, што беларускіх пісьменьнікаў выселілі зь іх памяшканьня, гэта, канечне, ганьба для рэспублікі. Ганьба! І тыя людзі, якія прымалі гэтае рашэньне, гэта не беларусы. Гэта варвары 21 веку. Такога быць не магло. Я нават гэта ў страшным сьне не прысьніў бы, каб можна было з-за нейкіх там праблемаў выселіць нашых пісьменьнікаў?! Гэта незаконна і несправядліва. Гэта першае пытаньне. Зараз другое. Тое, што Мілінкевіча вылучылі на прэмію Сахарава, гэта варта сьмеху, пане-дабрадзею. Чалавек бязглузды, аднекуль прыйшоў, на Захадзе... імкнецца ім дагадзіць за тыя грошы, якія яму даюць змагацца супраць народу. Гэта несправядліва. Няхай яго там вылучаюць яго заходнія... Але калі б спыталі ў беларускага народу, і паўадсотка не сабралі б, каб яго можна было вылучыць. За што?”

(Віктар Бутто зь Менску: ) “Чаму я ня буду ўдзельнічаць у акцыі за адмену кантрактнай сыстэмы, што ажыцьцяўляюць прафсаюзы? Галоўнай прычынай будзе тое, каб ня быць незаконна звольненым з працы ў першых шэрагах. Пры тым, што любога добрага спэцыяліста і ў любы час наймальнік можа незаконна звольніць, і будзе беспакараным, што было і ў 1991 годзе да зьяўленьня кантрактаў. І што адбылося са мною з красавіка 1993-га году і працягваецца больш за 13 год. За падпісаньне кантракту працаўнік атрымлівае дадатковыя дні да адпуску, і штомесяц яму дадаюць прыстойныя грошы да заробку. Вось такая рэчаіснасьць існуе ў горадзе Менску, паважаныя прафсаюзьнікі”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць пра сябе. Я ненаравістая. У мяне столькі ласкі, столькі дабра ў душы… Я, можа, сама не заўважаю, што людзям здаецца, я наравістая, ганарлівая. Я ўспомніла сваю маладосьць. Я маладая зусім была, ішла з касьцёлу. У нас касьцёл блізка. Ішла з другой вёскі дзяўчынка, такая, як я. Мне папала зь ёй ісьці. Памаленьку мы ішлі і гаварылі. І яна кажа: “Я б ніколі не падумала, што ты такая ласкавая і добрая. Я думаў, што ты ганарлівая, не захочаш гаварыць…” Я кажу: “Я не заўважаю за сабой”. Так я ёй сказала. Вось гэта цяпер успомніла. "Ну", – гаворыць, "якая ты харошая". Так мяне пахваліла. Ёй я спадабалася. І хачу сказаць яшчэ, што ў нас такія моцныя дажджы цяпер і дзень, і ноч. А перадавалі, што зь першага верасьня будзе сонца і цёпла. І вось я чакаю гэтых дзён, каб паехаць за грыбкамі. Падрыхтаваць іх. Добра дзеля закусачкі грыбкі сьвежанькія. І я чакаю Вас, хоць пабачыць, хоць пагаварыць…І я да гэтага рыхтуюся, шаноўная “Свабода”! Дзякую за ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, “Свабода”! Адносна школы. Адна з галоўных задач школы – гэта даць якасныя веды падрастаючаму пакаленьню. Зрабіць гэта можа, як і ў любой іншай сфэры, толькі прафэсіянал. Акрамя таго, пэдагог павінен быць маральным прыкладам для сваіх вучняў. У школе заўжды не хапала такіх людзей. А сёньняшняя кантрактная сыстэма наогул дазваляе ад іх лёгка пазбавіцца. Падставай можа стаць празьмернае свабодамысьленьне пэдагога, яго патрабавальнасьць і нават зайздрасьць калегаў. Цяперашняя ўступная кампанія паказала, што сытуацыя будзе толькі пагаршацца. Зьнішчэньне інтэлекту нацыі – зьяўляецца лягічнай складанай часткай яе зьнішчэньня наогул. Пакуль мы гэта не ўсьвядомім, нічога ня зьменіцца. Да пабачэньня”.

(Спадарыня: ) “Дарагое Радыё Свабода! Добры дзень. Слухала ўчора выступ нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча. Добрыя абяцаньні. Так, ён пагарджае людзьмі, якія нібы лічацца праваабаронцамі, але рабіць нічога ня хочуць. А дзе ж тая праца, пра якую ён гаворыць? Ісьці ў калгас у брыгаду і за месяц працы атрымаць 20 тысяч?! Гэта немагчыма пражыць! Нават на хлеб і на соль ня хопіць! А на фэрму ісьці? Туды не бяруць! Туды толькі п''яніц бяруць, а не нармальных людзей. Ён выступаў, гаварыў пра дзяцей. Так, трэба пазбаўляць некаторыя сем’і дзяцей, таму што некаторыя бацькі не глядзяць за дзецьмі. Але не ва ўсіх так, як ён кажа. Слушна, зараз ідзе школьны пэрыяд. Дапамога да школы! Дык хіба ж гэта дапамога – 25 тысяч?! Што за іх можна купіць дзіцяці?! Калі школьны ранец каштуе 30-40!! А што купіць за 25?! Гэта немагчыма! Гэта зьдзек! Ня трэба хваліцца! Ня трэба казаць глупства! Трэба казаць праўду і глядзець ёй у вочы! Вялікі дзякуй за ўвагу.”

(Зіноўеў: ) “Добры дзень, беларуская “Свабода.” Я хачу адгукнуцца на “Экспэртызу” пра матывы паездак у Расею беларускіх грамадзян. Тут вось якая сытуацыя. Калі ў Беларусі выйдзеш на плошчу выказаць сваю незадаволенасьць, то атрымаеш 15 сутак і адседзіш іх бясплатна. А паедзеш на заробкі ў Расею, можа, і грошы прыдбаеш. Таму людзі выбіраюць другое. Хачу сказаць наконт вялай рэакцыі беларускай амбасады ў Маскве на сьмерць двух беларускіх грамадзянаў. Калі антыбеларускі рэжым плюе на беларусаў у самой Беларусі, то чаго вы хочаце ад яго афіцыйнага прадстаўніцтва ў Маскве? Становішча можа зьмяніцца нават не са зьменаю ўлады ў Беларусі, а са зьяўленьнем непадстаўной апазыцыі, якая запатрабуе, напрыклад, тэрміновага скліканьня Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь з запрашэньнем на яго пасла Васіля Даўгалёва, які павінен зрабіць даклад пра сытуацыю. Я ня думаю, што ён пра гэта ня ведае. А ня ведае, дык яго можна і замяніць”.

(Мікола Канаховіч з Пружанаў: ) “Паважанае беларускае Радыё Свабода. Я, шараговы грамадзянін, хачу выказаць пункт гледжаньня на так званае сьвята беларускага пісьменства, абвешчанае ўладамі 3-га верасьня. Гэта ня сьвята, а горкая трагедыя, генацыд беларускага пісьменства. Улады ў чарговы раз паскудна, цынічна, зь лютай нянавісьцю вешаюць беларускаму народу, так бы мовіць, локшыну на вушы. Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб беларускае слова не гучала наогул нідзе і ніколі. Аб якім сьвяце беларускага пісьменства можа ісьці гаворка, калі беларускія дзеці пазбаўлены магчымасьці атрымаць адукацыю на роднай мове? Што гэта за сьвята, калі чынавенства ад адукацыі “ні бэ, ні мэ” па-беларуску? Ужо ня кажучы пра чынавенства другога кшталту: ад вясковага дэпутата да кіраўніцтва краіны. Ганьба і яшчэ раз ганьба цемрашалам, гвалтаўнікам, выраджэнцам, лютым ненавісьнікам мовы Тарашкевіча, Купалы, Быкава. І шчыры дзякуй мужным змагарам за абарону беларускага слова Алегу Трусаву, Зянону Пазьняку, Нілу Гілевічу і многім іншым сапраўдным патрыётам нашага слова, дадзенага Богам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG