Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 жніўня – 10 гадоў з часу апошняга выхаду ў эфір "Радыё 101,2"


Севярын Квяткоўскі, Менск Першая і пакуль што апошняя непадцэнзурная радыёстанцыя ў Беларусі праіснавала адзін год, адзін месяц і дзесяць дзён – ад 21 ліпеня 1995-га па 31 жніўня 1996-га. Навіна пра закрыцьцё прыйшла нечакана – на суткі раней. Ані тэлефанаваньняў, ані афіцыйных лістоў не было.

Проста прыйшоў факс, дзе інфармавалася, што ад 1 верасьня праца хвалі 101,2 у фм-дыяпазоне будзе часова прыпыненая дзеля тэхнічных прычынаў. Маўляў, перадатчык у цэнтры Менску – на вуліцы Камуністычнай – замінае ўрадавай сувязі. І з мантажом новага перадатчыка ў новым месцы вяшчаньне хвалі адновіцца...

Так і сталася, толькі хвалю 101,2 FM перадалі Беларускаму патрыятычнаму саюзу моладзі. Тым ня менш “стоадзінкаўцы” і далей рэалізоўвалі шэраг удалых мэдыйных праектаў, а многія і цяпер працуюць у разнастайных незалежных мэдыях Беларусі.

“Празь некалькі хвілінаў мы спынім вяшчаньне, тыя, хто нас чуюць, пасыгнальце!” – папрасілі Ірына Курапаткіна і Вольга Бабак са студыі на Рэвалюцыйнай, 8 а. І мы, што слухалі апошні эфір, седзячы у суседнім з студыяй рэдакцыйным пакоі, пачулі за вокнамі сыгналы аўтамабільных клаксонаў.

Першы голас, які прагучаў на "Радыё 101,2" належыць журналістцы Вользе Бабак. Разам са сваёй калегай Ірынай Курапаткінай Вольга закрывала эфір 31 жніўня 1996 году:

(Бабак:) "Апошняе слова памятаю дакладна – на жаль, бо гэтыя ўспаміны дагэтуль даюцца балюча. Апошнімі словамі былі “мы яшчэ вернемся”. Бо апошняя песьня, якая гучала, была песьня “Бітлз”, дзе былі акурат гэтыя словы”.

Навіна пра закрыцьцё прыйшла, калі калегі сьвяткавалі дзень нараджэньня свайго шэфа – Жанны Літвіной.

(Літвіна: ) “Калегі не хацелі напачатку псаваць настрой: ніхто нічога не паведамляў да самага вечара. А пасьля выбралі адну асобу, якой даверылі патэлефанаваць і сказаць гэтую непрыемную навіну. Пражыўшы трохі на сьвеце, я ведаю, што такое “баліць душа”. Гэта быў поўны шок!”

Жанна Літвіна ў 1994 годзе ўзначальвала радыёстанцыю “Беларуская маладзёжная”, якая існавала ў сыстэме Белдзяржтэлерадыё. Пазыцыя “маладзёжкі” была прынцыповая: у спрэчным момантах павінны гучаць абодва бакі. У эфіры станцыі прамаўлялі такія палітыкі, як Зянон Пазьняк, Аляксандар Лукашэнка, Вячаслаў Кебіч… За некалькі дзён да першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году “Беларускую маладзёжную” зачынілі з афіцыйнай фармулёўкай “у сувязі з рэарганізацыяй Белдзяржтэлерадыёкампаніі”.

Гэтаксама, як і “Беларуская маладзёжная”, "Радыё 101,2" было інфармацыйна-музычным праектам. Прынцып заставаўся нязьменны: у дыскусіі маюць быць прадстаўленыя два бакі. На момант 1996 году радыё заставалася адзіным у Беларусі электронным СМІ, дзе палітыкі маглі выказваць думкі, альтэрнатыўныя пазыцыі ўлады.

(Літвіна: ) “Гэта было за некалькі месяцаў да рэфэрэндуму 1996 году. "Радыё 101,2” было адзінай нецэнзураванай крыніцай інфармацыі. Уладам трэба было перакрыць апошнюю крыніцу інфармацыі”.

Патэнцыйнай аўдыторыяй "Радыё 101,2” была амаль траціна насельніцтва Беларусі: амаль 2-мільённы Менск плюс жыхары ў радыюсе васьмідзесяці кілямэтраў ад сталіцы.

***

Аснову журналістаў "Радыё 101,2" склалі супрацаўнікі "Беларускай маладзёжнай": Вольга Бабак, Генадзь Кесьнер, Ірына Курапаткіна, Іна Студзінская, Алесь Хмяльніцкі, Алесь Дайнэка, а таксама шэраг іншых, хто далучыўся да каманды. Гук радыё рабілі Зьміцер Новікаў, Анатоль Додзь, Уладзімер Сакульскі, Сяргей Лабандзіеўскі, Зьміцер Васількоў, Алесь Ляшкевіч, Алеся Верас…

Радыё 101.2

На “101,2” вёў гумарыстычную праграму “Квадракола”, вёў эфіры і ўдзельнічаў у разнастайных праектах музыкант Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Для мяне было вельмі важна, што падабралася вельмі цікавая творчая суполка, што ў прынцыпе ўсё было даволі свабодна. І гэта было проста фэнамэнальна для нашай дзяржавы. Нават тагачаснай. Для цяперашняй, вядома, немагчыма, а для тагачаснай – фэнамэнальная была творчая арганізацыя”.

У адрозьненьне ад “Беларускай маладзёжнай”, "Радыё 101,2” было прыватным радыё. Стаўка была зробленая на аўтарскую журналістыку. Вядоўца меў магчымасьць уплываць на музычны шэраг этэру, у якім увесь час гучалі аўтарскія праграмы: "Паехалі!" Вольгі Бабак, "Бізнэс-актуаліі" Вольгі Караткевіч, "Джаз – музыка тоўстых" Зьмітра Падбярэскага, праграмы Марціна Латэцкага, Сяргея Ахрамовіча... А праграма Касі Камоцкай "ПраРок" сталася на той момант адной зь нямногіх пляцовак для старту маладых рок-выканаўцаў. Прыгадвае ўдзельнік гурту “Мэтэор” Дзяніс Архіпаў:

(Архіпаў: ) “Свабодна – без усялякага ўціску з боку рэдакцыі і супрацоўнікаў”.

***

Эфір “101,2” скончыўся 31 жніўня 1996 году ў 20.00. А ўжо празь некалькі хвілін пачалі прыяжджаць слухачы: зь кветкамі ў руках і словамі падзякі на вуснах.

Цягам дзьвюх месяцаў супрацоўнікі і прыхільнікі “101,2” спадзяваліся на аднаўленьне вяшчаньня. Ладзіліся адмысловыя пікеты і пэрформансы, міжнародныя журналісцкія арганізацыі дасылалі на адрас беларускіх уладаў лісты абурэньня…

Тым часам у асяродку і сьценах “101,2” высьпела і ўвасобілася музычная канцэпцыя зборніка вершаў Міхала Анемпадыстава, які ў выніку атрымаў назву супольнага музычнага праекту “Народны альбом”. Прыгадвае гукарэжысэр Анатоль Додзь:

(Додзь: ) “Калі гэта ўсё закрылася, ніякай працы не было, не было ні грошай, нічога… Але там увесь час быў тусовачны цэнтар. Заўсёды прыходзілі нейкія музыкі, заўсёды было з кім паразмаўляць, было заўсёды весела… І проста ў размовах усплыло, што Міхал Анемпадыстаў напісаў цэлы цыкль вершаў пра маленькае мястэчка “пад панскай Польшчай”. Вырашылі, а чаму б не паспрабаваць зрабіць з гэтага сапраўдны альбом? Так вось яно неяк і пачалося”.

З асяродку “101,2” выйшла шмат таленавітых творцаў, якія працягваюць працаваць у сольных і супольных праектах: на радыё, у музыцы, гукарэжысуры. І яны яшчэ не забыліся на словы, прамоўленыя Вольгай Бабак у апошнія сэкунды эфіру “101,2”: “Мы яшчэ вернемся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG