Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі беларускі пешаход будзе ў бясьпецы?


Зьміцер Бартосік, Менск Статыстыка дарожна-транспартных здарэньняў у Беларусі сьведчыць: летась у аварыях на дарогах загінула 1 670 чалавек. Крыху менш за палову загіблых – зьбітыя на пераходах пешаходы. Гэта значна больш, чым у суседніх Літве, Польшчы... Чаму так адбываецца?

Мне падалося, што ў Вільні ці Варшаве беларусаў бачна адразу. Падыходзячы да пераходу, яны зазвычай ступаюць на праезную частку, як у халодную ваду: нясьмела азіраюцца на аўтамабілі, што загадзя спыніліся прапусьціць пешых.

Аднак цягам апошняга году карціна пачала мяняцца. Паслухаем людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнт: ) “Не баіцеся пераходзіць на такіх пераходах? Вы прапускаеце машыны, ці сьмела?..”

(Спадарыня: ) “Сьмела іду. Апошні год. Правіла такое: яны павінны саступаць”.

(Спадарыня: ) “Я заўважыла апошнім часам: кіроўцы сталі больш культурнымі. Я стаю. Мне нават паказваюць рукой: можаце ісьці. Я зь імі ўступаю ў дыялёг. Бо, не зьвяртаючы ўвагі, я не іду. Я працягваю кантраляваць сытуацыю”.

(Спадарыня: ) “Прапускаю. Баюся”.

(Спадар: ) “Баюся. На мінулым тыдні мяне ледзь ня зьбілі”.

(Спадарыня: ) “Дзе належыць – там іду. Я не баюся. Мне ўжо баяцца няма чаго”.

(Спадар: ) “Прапускаю, калі ідзе моцная аўтаплынь. Правілы правіламі, а ці мала што...”

Менскія таксісты, якія чакаюць пасажыраў ля чыгуначнага вакзалу, кажуць, што ня ўсё так змрочна.

(Таксіст: ) “Пераважна нашы пешаходы “барзеюць” іншым часам. Машына ідзе, а яны скачуць наўпрост пад колы. А нашы кіроўцы пісьменна ўсё гэта робяць. І культура зусім іншая стала ў людзей”.

(Таксіст: ) “Я адрываў бы пешаходам галовы – з адной простай прычыны: заўжды прасьцей спыніць свае сто кіляграм на хуткасьці пяць кілямэтраў у гадзіну, чым тону ці паўтары на хуткасьці 10 кілямэтраў у гадзіну. Прасьцей прапусьціць машыну, чым намагацца перайсьці перад ёй. Дзьве-тры хвіліны нічога ня вырашаць”.

(Таксіст: ) “Культура абыходжаньня зь пешаходамі. Уся бяда ў тым, што ў асноўным цяпер маршруткі ствараюць небясьпеку. Там кантынгент стажу працы ня мае. І носяцца па горадзе, як вар’яты. Пазаўчора насьмерць у Сухараве зьбілі жанчыну”.

Размаўляю зь лекарам навукова-дасьледчага Інстытуту траўматалёгіі й артапэдыі Ільлём Хургіным, да якога трапляюць тыя шчасьліўцы, што выжываюць на менскіх пераходах падчас наездаў.

(Хургін: ) “Усё ж такі больш аварый менавіта аўтамабільных – у сувязі з ростам колькасьці аўтамабіляў. А наездаў прыкладна такая колькасьць і была. Можа, нават, меней стала насамрэч. Болей ня стала – гэта дакладна. Гэта – ня сотні: 10 чалавек, ну, 15. Але пасьля наездаў пешаходы трапляюць ня толькі да нас”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі гэта складаныя выпадкі?”

(Хургін: ) “Наезды ў горадзе, дзе хуткасьць зазвычай так сабе, сярэдняя, зазвычай заканчваюцца лёгкім спалохам. Але часам надараюцца й цяжкія выпадкі. Часта пешаходы, я лічу як кіроўца, вінаваты самі. Таму што большасьць у нецьвярозым стане: напэўна, працэнтаў 60 са зьбітых машынай. На пешаходным пераходзе зьбіваюць рэдка”.

Гэтае “рэдка” я асабіста нядаўна назіраў на праспэкце Незалежнасьці. На пераходзе ляжаў зьбіты насьмерць малады чалавек – чарговая ахвяра парушэньня правілаў дарожнага руху...

Гаворыць старшы інспэктар Менскага ДАІ Мікалай Васільеў:

(Інспэктар: ) “Крыху абстаноўка стабілізавалася, параўнальна зь мінулым годам. Але ўсё роўна наезды складаюць вельмі вялікі працэнт ад усіх дарожна-транспартных здарэньняў. За пяць месяцаў у Менску адбылося 476 ДТЗ, у якіх 42 чалавекі загінулі. Зь іх 22 ДТЗ адбыліся з удзелам п’яных кіроўцаў. Наезд на пешаходаў – 22 загінула, 243 паранена. Зьніжэньне – адносна паказальнікаў за мінулы год. Толк ёсьць, але ўсё роўна многа наездаў на пешаходаў. Новыя правілы ўвялі. Кіроўцы мусяць зьніжаць хуткасьць, спыняцца й прапускаць пешаходаў. Гэтага ў нас часта ня робяць, асабліва – падчас павароту налева”.

Дык чаму ў Эўропе інакш? У чым сакрэт? Пра сытуацыю ў Вялікабрытаніі распавядае беларус, які выкладае ў Кэмбрыджы, Вадзім Дзямідчык.

(Карэспандэнт: ) “Ты, жывучы ў Брытаніі, не баісься хадзіць па пешаходных пераходах?”

(Дзямідчык: ) “Не, ніколі. Бо заўсёды кіроўцы прапускаюць пешых. Няма ніякай праблемы перайсьці дарогу”.

(Карэспандэнт: ) “У ангельцаў у крыві такая павага да пешаходаў?”

(Дзямідчык: ) “Гэта выхаваньне паліцыі дзесяцігодзьдзямі. Бо асноўная маса насельніцтва, яна ня вельмі адукаваная. І адзінае, што можа спыніць парушэньні на дарозе, – канечне, штрафы. Там аграмадныя пэнальці. Калі ты перавысіў хуткасьць ці праехаў на чырвоны сыгнал сьвятлафору, дык атрымаеш квіток, па якім павінен заплаціць ад 60 да 300 фунтаў. А калі ты нешта злосна парушыў, дык у цябе забяруць правы й не дадуць магчымасьці вадзіць машыну два ці пяць гадоў. Калі ж злосна парушыш другі раз, дык аднімуць тыя правы на ўсё жыцьцё”.

Журналістка “Эўрапейскага радыё для Беларусі” Адэля Дубавец, якая доўгі час пражыла ў Вільні, ніколі не баялася ступаць на праезную частку літоўскай сталіцы. У Беларусі ёй прыйшлося прызвычайвацца да новых парадкаў.

(Карэспандэнт: ) “Чаму кіроўцы ў Літве больш паважаюць пешаходаў, чым у Беларусі?”

(Дубавец: ) “Я думаю, што справа тут не ў кіроўцах і пешаходах. А проста ў павазе чалавека да чалавека. Беларусы, у прынцыпе, не трымаюць дыстанцыі. Гэта і ў транспарце відаць. Відаць і на дарогах, калі чалавек зь Літвы прыяжджае, ці аднекуль з Эўропы… Я дастаткова часта назірала такія сытуацыі, калі людзі ня ведалі, як кіраваць аўтамабіль. Яны ня ведалі, што робіцца на дарозе. Гэта хамства. Я лічу, што ўсё гэта ідзе адтуль, з высокіх вышыняў, дзе культывуецца хамства. І таму яно пераходзіць у такія сфэры. Больш за тое, людзі баяцца. Яны баяцца выйсьці на дарогу. Роўна ж як яны баяцца ў сярэдзіну залі выйсьці й… ня ведаю, стаць на крэсла. Гэта баязьлівасьць, з аднаго боку, а з другога – усеагульная непавага й хамства. Я не лічу, што гэта праблема дарог, уставаў, дэкрэтаў, законаў. Я думаю, што гэта трэба вырашаць на іншым культурным узроўні”.

Амаль усе мае суразмоўцы цьвердзілі, што, адрозна ад эўрапейцаў, у Беларусі аднымі штрафнымі санкцыямі сытуацыі ня выправіць.

Бо беларуская дарожная ўзаеманепавага – арганічная частка ўсяго сёньняшняга ладу ў краіне. Пакуль адсутнічае традыцыя ветлівасьці, ступаць на пераход небясьпечна для жыцьця. Але, каб гэтая традыцыя зьявілася, яе трэба доўга і ўпарта ўзрошчваць. Пачынаць зь дзіцячага садку, а заканчваць сур’ёзнымі штрафамі: пэўна ж, ня шэсьцьдзесят тысяч рублёў.

А на завяршэньне прашу капітана Курловіча нагадаць усім беларускім кіроўцам, што іх чакае ў выпадку парушэньня 116 пункту правілаў дарожнага руху Беларусі:

“Калі Вы не прапусьцілі пешага празь нерэгуляваны пешаходны пераход, то Вам пагражае – на першы раз – штраф памеру дзьвюх базавых велічынь. Калі ствараеце аварыйную сытуацыю – заслугоўваеце штраф і пазбаўленьне правоў на 36 месяцаў. Як адбылося ДТЗ, дык тады ўжо Вы патрапляеце пад крымінальную адказнасьць”.

Такім чынам, будзьце ўважлівымі й паважайце пешаходаў.
XS
SM
MD
LG