Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на самой справе жывуць студэнты-беларусы ў Варшаве?


Радыё Свабода Дзевятнаццацігадовы жыхар Наваполацку Аляксей Трубкін атрымаў магчымасьць вучыцца ў Польшчы, дзякуючы падтрымцы Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”. Гэтымі днямі ён завітаў дадому, дзе наш карэспрандэнта папрасіў яго падзяліцца ўласнымі ўражаньнямі, як працуе так званая праграма Каліноўскага для беларускіх студэнтаў.

Падчас мінулай выбарчай кампаніі яго 8 разоў затрымлівала міліцыя, 7 сутак малады актывіст правёў пад арыштам, атрымаў два штрафы, напярэдадні саміх выбараў быў звольнены з працы, а пасьля выбараў, як нядобранадзейнага , яго не ўзялі ў войска.

(Трубкін:) “Па-першае, хачу падзякаваць камітэту дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсіяў за магчымасьць атрымаць эўрапейскую адукацыю. З Наваполацку выехалі на вучобу я і Вікторыя Ясіновіч, якая ачольвала гарадзкую арганізацыю “Маладая Грамада”.

(Карэспандэнт:) “Афіцыйныя СМІ называюць праграму імя Каліноўскага палітычнай авантурай і сьцярджаюць, што маладыя беларусы, якія выехалі ў Польшчу, кінутыя на волю лёсу. Ці так гэта?”

(Трубкін:) “Жывем у Варшаве, на вуліцы Капіньскага, у студэнцкім інтэрнаце. Умовы папросту файныя. Сьцьвярджэньні, што мы тут гібеем у антысанітарных умовах я рашуча адкідваю. Я асабіста жыву ў пакоі з хлопцам з Горадні, якога выклічылі з унівэрсытэту па палітычных матывах. У дадзены момант актыўна вучым, з дамогаю выкладчыкаў, польскую ды ангельскую мовы. З кастрычніка пачнем вучобу ва ўнівэрсытэтах”.

Карэспандэнт пацікавіўся: ці бачылі “каліноўцы” там, у Варшаве, перадачу пра іх, якую прадэманстравала беларускае тэлебачаньне? Як высьветлілася – бачылі.

(Трубкін:) “Тое, што перадало БТ, у нас выклікала спачатку сьмех, а потым абурэньне. І ўсё ж трэба адзначыць, што ёсьць сярод нас дзеці квазі-апазыцыянэраў, якія ня толькі не размаўляюць па-беларуску, але нават ня ведаюць,хто такі Кастусь Каліноўскі. Мне за іх проста сорамна”.

Ёсьць меркаваньне, што праграма імя Каліноўскага – заганная па сваёй сутнасьці, бо спрыяе адтоку з краіны інтэлектуальнай моладзі, якая, на думку некаторых апазыцыянэраў, пасьля вучобы назад ня вернецца. Вось што сказаў з гэтай нагоды Аляксей Трубкін:

(Трубкін:) “За ўсіх казаць ня буду, але я ў любым выпадку вярнуся на Радзіму”.

Сам Аляксей плянуе паступаць на гістарычны факультэт Беластоцкага ўнівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG