Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад заўтра ўладкавацца на працу ў Польшчы будзе прасьцей


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Міністар працы і грамадзкай палітыкі Польшчы Ганна Калята падпісала распараджэньне, паводле якога грамадзяне Беларусі, а таксама Украіны, Расеі і Нямеччыны атрымліваюць права працаваць у Польшчы цягам трох месяцаў раз на паўгады без атрыманьня дазволу на працу.

Паводле міністра, гэта зроблена перадусім дзеля таго, каб запоўніць недахоп людзей у некаторых галінах гаспадаркі, дзе ня хочуць працаваць польскія беспрацоўныя – гэта , напрыклад, сельская гаспадарка.

“Цяпер у гэтым сэктары шмат замежнікаў працуюць нелегальна, бо за дазвол на легальную працу трэба было плаціць 900 злотых (каля 300 даляраў) і гэта было перашкодай”, - заявіла Ганна Калята.

Працаваць без дазволу змогуць таксама замежнікі – выпускнікі польскіх мэдычных школаў, якія праходзяць практыку пасьля атрыманьня дыплёму, настаўнікі замежных моваў, калі мова, якую яны выкладаюць з’яўляецца іхнай роднай мовай, сталыя карэспандэнты замежных мэдыяў, а таксама замежнікі з краінаў, што не ўваходзяць у Эўразьвяз, калі яны часова накіраваныя сваімі працадаўцамі для выкананьня акрэсьленай працы ці паслугаў.

Распараджэньне распаўсюджваецца таксама на студэнтаў дзённай формы навучаньня на час вакацыяў і замежнікаў, якія працуюць у навукова-дасьледчых установах.

Новыя правілы пачынаюць дзейнічаць ад дня публікацыі ў Дзеньніку законаў, праўдападобна, гэта адбудзецца 1 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG