Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычны прафсаюз ініцыюе рэфэрэндум


Уладзімір Глод, Менск Кіраўніцтва Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці публічна заявіла пра намер ужо ў верасьні перадаць у Цэнтарвыбаркам дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Яна зоймецца зборам подпісаў за правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму. Мэта гэтай акцыі -- праз карэктаваньне Працоўнага кодэксу прыдаць дзейнай кантрактнай сістэме найму "цывілізаваны характар".

Прафсаюзныя актывісты перакананыя -- кантрактная форма працоўнага найму, якая дзейнічае цяпер у Беларусі, дае велізарныя правы працадаўцам. І амаль не пакідае ніякіх магчымасьцяў для абароны сваіх інтарэсаў працоўным. Таму сыстэму патрэбна рэфармаваць. Зрабіць гэта праз Палату прадстаўнікоў малаверагодна, хаця прафсаюзныя актывісты будуць перадаваць і туды адпаведны пакет дакумэнтаў. Асноўныя спадзяваньні ў іх на рэфэрэндум. Наколькі гэта магчыма?

Кіраўнік прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч лічыць, што ўсё будзе залежыць ад ЦВК:

(Фядыніч: ) "Скажу шчыра, калі ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная, мы зьбяром неабходную колькасьць подпісаў".

(Карэспандэнт: ) "А ёсьць спадзяваньні, што людзі пагодзяцца на тое, каб іх прозьвішчы патрапілі ў Цэнтарвыбаркам?"

(Фядыніч: ) "Мы такую працу праводзім. І людзі, якія ўжо запісаліся, ведаюць: яны будуць, так бы мовіць, засьвечаныя. Тым ня менш ставяць свае подпісы.”

У Цэнтарвыбаркаме гавораць пра тое, што для правядзеньня рэфэрэндуму патрэбна сабраць ня менш за 450 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам. Плюс у кожнай вобласьці і Менску патрэбна мець ня менш за 30 тысяч такіх подпісаў. Зьбіраць іх, паводле спадара Фядыніча, будуць 3000 валянтэраў. Прафсаюзны лідэр спадзяецца, што акцыя атрымае значны грамадзкі рэзананс:

(Фядыніч: ) "Мы на пачатку верасьня хочам правесьці круглы стол. Спадзяемся на падтрымку дэмакратычных сілаў. Калі ў іх ёсьць жаданьне працаваць сумесна, дык будзем разам. Калі не, дык будзем паасобку. Але, я ведаю, што нас падтрымлівае незалежны прафсаюз гарнякоў, там мы знойдзем валянтэраў. Мы гэтую працу не пакінем і пастараемся давесьці да лягічнага выніку".

Загадчыца аддзелу ЦВК Надзея Кісялёва гаворыць, што права на рэспубліканскі рэфэрэндум праз збор подпісаў у Беларусі яшчэ ніколі не было рэалізаванае:

(Кісялёва: ) "Праўда, такую ініцыятыву выказвалі. Але яна была толькі на першым этапе. А пасьля гэтыя пытаньні неяк заціхалі самі па сабе. Ініцыятары не ліквідавалі заўвагі, якія выказваліся з боку ЦВК на іх адрас...". --------------------------------------------------------------------------------- Першая спроба правесьці рэфэрэндум зь ініцыятывы грамадзянаў Беларусі была зробленая яшчэ ў 1992 годзе Беларускім Народным Фронтам. Тады нават сабралі неабходную колькасьць подпісаў. Аднак Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня перадусім пад уплывам тагачаснага старшыні парлямэнцкай камісіі ў справах заканадаўства спадара Булахава адхіліў гэтую прапанову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG