Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом – Байкеры 70-х


Вінцэсь Мудроў Масавая матарызацыя насельніцтва пачалася ў сярэдзіне 60-х. Тады шмат хто завёў сабе мапэды. Былі яны двух марак: “Рыга” і “Верхавіна”. І многія падшыванцы ўзьнялі ўзровень адрэналіну ў крыві, гойсаючы на бацькавых мапэдах па тратуарах ды вясковых праселіцах. Шмат было тады прыдушана свойскіх гусей ды качак.

Неўзабаве сталі набываць і матацыклы. На іх езьдзілі на працу, на рыбалку і нават на адпачынак у Крым. Набыць добры матацыкл маглі далёка ня ўсе, бо каштаваў ён 600-700 рублёў. Таму асаблівым попытам карысталіся аднацыліндравыя, малой магутнасьці і адносна невялікага кошту: “Каўроўцы”, ІЖ-“Плянэты”, менскія М-104, вугорскія “Паноніі”. “Паноніі”, дарэчы, хутка псаваліся, і пасьля году эксплюатацыі ляжалі ў разабраным выглядзе ў дварах.

Моладзь захапілася матацыкламі напачатку 70-х. Пры гэтым гарадзкія “байкеры” гойсалі на чэскіх “Явах” ды “Чэзэтах”, а ў вёсцы самымі папулярнымі былі ІЖ-“Юпітары”. Прэстыжна было мець “Урал-3”. На ім увогуле можна было езьдзіць па любой дарозе.

Шмат маладзёнаў калечылася альбо наагул разьбівалася. А ўсё праз залішнюю зухаватасьць. Пад’яжджаючы да клюба, трэба было жартам наехаць на гурт дзяўчатаў. А спыніўшыся, крутнуць ручку газу, ды так, каб клюбныя вокны здрыгануліся. Ды гэта што… Кранаючыся зь месца, трэба было газануць, каб пярэдняе кола адарвалася ад зямлі. А спыніцца так, каб задняе кола праехалася бокам. Дый езьдзілі часьцяком нападпітку. У выніку матацыклы вырываліся з рук, а то й валіліся ды прыціскалі няўдалага “байкера”. І пераломы былі, і галёнкі аб гарачы цыліндар прыпякалі. Цыліндры на вясковых дарогах награваліся і іх ахалоджвалі мокрымі анучамі.

Дзесьці ў сярэдзіне шасьцідзесятых зьявіліся першыя матацыклетныя шлемы: белыя кацялкі са скураным нізам. Такі шлем быў у Маргунова ў фільме “Каўкаская палоньніца”. Потым зьявіліся шлемы “з вушамі”, якія ў народзе называлі “гончымі”. Іх адпаведным чынам упрыгожвалі. Выціналі з ізастужкі якое-небудзь ангельскае слова і ляпілі з боку. Яшчэ адна фішка – даўгія самаробныя брылі, якія прымацоўвалі да шлема. Іх рабілі ўсё больш даўгімі, аж пакуль не пачаліся аварыі: на вялікай хуткасьці матацыклісту ад напору ветру задзірала голаў і ён залятаў у кювэт.

Так што сёньняшнія хлопцы ў скураным прыкідзе, якія гойсаюць на “хондах” ды “Харлі-Дэвідсанах”, павінны ведаць, што ў іх былі папярэднікі: байкеры 70-х.
XS
SM
MD
LG