Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмеркаваньне “віленскай ініцыятывы” адкладзена


Радыё Свабода На паседжаньні Палітрады дэмакратычных сілаў вырашана правесьці першае абмеркаваньне ініцыятывы Віктара Івашкевіча праз два тыдні. У гэтым пытаньні будзе працаваць адмысловая рабочая група.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька настойвае на абмеркаваньні ініцыятывы Віктара Івашкевіча.

(Лябедзька: ) “Шчыра кажучы, я прыйшоў, каб абмяркоўваць тое, што некаторыя сёньня называюць “віленскай ініцыятывай”, альбо тыя прапановы, якія сфармуляваў Віктар Івашкевіч. Але, на жаль, гэтага не было. Я лічу, што сёньня гэта найбольш актуальнае пытаньне, вырашэньне якога дае адказы на тыя дыскусійныя фрагмэнты, што назіраюцца ўвесь час пасьля 19 сакавіка.

Гэта можа быць рэальна напоўненай зьместам і дзейнасьцю стратэгіяй. Усё ж такі самае галоўнае – гэта прапановы Віктара Івашкевіча. Не таму, што гэта грунтуецца на нашых падыходах. Насамрэч, гэта зьвязана зь дзейнасьцю людзей, гэта праца з насельніцтвам. Гэта якраз тое, чаго нам не хапала пасьля 19 сакавіка”.

“Віленская ініцыятыва” ня вынесена й на наступнае пасяджэньне палітрады. Адна са структур аб’яднанай кааліцыі ўзяла паўзу, каб уласна абмеркаваць гэтае пытаньне.

Каардынатар рабочай групы кааліцыі ў справе ініцыятывы Віктара Івашкеіча Вацлаў Арэшка заявіў:

(Арэшка: ) “Вялікага жаданьня рэфармаваць кааліцыю ніхто асабліва ня выявіў. Я баюся, што гэты працэс будзе даволі вяла ісьці. Але мы будзем спрабаваць неяк варушыць яго. 5-га верасьня мы зьбіраем гэтую групу адносна ініцыятывы Віктара Івашкевіча – пра ўдасканаленьне кааліцыі. Павінны прыйсьці прадстаўнікі суб’ектаў і выказаць думкі, якія яны ў сваіх суб’ектах, партыях, арганізацыях надумалі”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч прапанаваў пачаць вылучэньне дэлегатаў на чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў. Паводле спадара Івашкевіча, суб’екты кааліцыі павінны вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах шляхам збору подпісаў. Тыя кандыдаты, якія набяруць ня менш за 500 подпісаў выбарцаў, аўтаматычна аказваюцца дэлегатамі кангрэсу.
XS
SM
MD
LG