Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаны ляўрэаты прэміі імя Зьмітра Завадзкага


Радыё Свабода Першы канал расейскага тэлебачаньня і Беларуская асацыяцыя журналістаў абвясьцілі імёны сёлетніх ляўрэатаў прэміі імя Зьмітра Завадзкага. За мужнасьць і прафэсіяналізм былі ўганараваныя фотажурналіст Юлія Дарашкевіч, рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько і карэспандэнт выданьня “Комсомольская правда в Белоруссии” Алег Улевіч.

Прэмія была заснаваная 6 гадоў таму журналістамі “Першага каналу”. Кандыдатаў на ўганараваньне прапаноўвае Беларуская асацыяцыя журналістаў, канчатковы сьпіс ляўрэатаў зацьвярджае рада дырэктараў расейскага тэлеканалу.

Пра Зьмітра Завадзкага прымушае прыгадаць сёньня і тое, што 30 жніўня на ініцыятыву ААН адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў.

Нагадаем, што дагэтуль грамадзкасьці невядомыя абставіны зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, а таксама былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Міжнародная супольнасьць неаднойчы заклікала беларускія ўлады правесьці ўсебаковае дасьледаваньне зьнікненьняў гэтых людзей, праваабаронцы і палітыкі заяўляюць пра датычнасьць да гэтых зьнікненьняў прадстаўнікоў беларускай улады.

Рабочая група па гвалтоўных зьнікненьнях была заснаваная ў 1980 годзе Камісіяй ААН па правах чалавека. У яе склад уваходзяць пяць экспэртаў. Яны разглядаюць паведамленьні аб зьніклых людзях, прысланыя іх сваякамі альбо праваабрончымі арганізацыямі. Вызначыўшы, наколькі гэтыя паведамленьні адпавядаюць шэрагу крытэрыяў, група перадае матэрыялы аб канкрэтных выпадках дзяржаўным органам адпаведных краінаў і зьвяртаецца з запытам аб правядзеньні дасьледаваньня.

Канвэнцыя аб абароне ад гвалтоўных зьнікненьняў кваліфікуе ў якасьці асобнага правапарушэньня гвалтоўныя зьнікненьні, якімі лічацца арышт, затрыманьне, выкраданьне або пазбаўленьне волі ў любой іншай форме пры наступным адмаўленьні прызнаць факт пазбаўленьня волі або пры ўтоеных зьвестках аб лёсе або месцазнаходжаньні зьніклай асобы.
XS
SM
MD
LG