Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія праблемы ў школе? - апытаньне Свабоды


Любоў Лунёва, Менск Якая, на вашу думку, галоўная праблема ў сучаснай школе? На гэтае пытаньне адказвалі менчукі рознага ўзросту. Толькі адзін сталы мужчына сказаў, што ў школе няма ніякіх праблем. Наша карэспандэнтка апытвала настаўнікаў, вучняў і іхных бацькоў.

(Жанчына: ) “Праблема?.. Ну вось форма, напрыклад, мяне хвалюе. Лічу, што форма павінна быць ува ўсіх аднолькавая. Апранутыя дзеці, асабліва дзяўчынкі старэйшыя… – ну…”

(Вучань: ) “У кепскім стане знаходзіцца наш будынак. Быў рамонт, але яшчэ шмат чаго патрэбна зрабіць. Перш за ўсё хачу новую спартовую пляцоўку для вучняў”.

(Жанчына: ) “Заробкі настаўнікаў і непрафэсіяналізм настаўнікаў, асабліва -- у старэйшых клясах. Праблема і ў тым, што настаўнікі пачатковых клясаў ня могуць уладкавацца на працу. Бяруць пэнсіянэраў на клясы”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што трэба, каб настаўнікі маглі абыходзіцца з новымі тэхналёгіямі. Ня ведаюць кампутараў, праектараў, новых рэчаў, якія атрымлівае школа. І тыя папросту стаяць. А часам ім вучні тлумачаць, як гэта й куды гэта”.

(Мужчына: ) “Узровень адукацыі – самая галоўная праблема. Па-першае, настаўнікі. Па-другое, адсутнасьць добрых падручнікаў. Няма прадуманай сыстэмы. Сыстэма выхаваньня павінна пачынацца зь дзіцячага садку й сканчацца ВНУ. Яна мусіць праглядацца – каб нацыянальныя ідэі закладаліся ад 5 гадоў. Ідэалёгію трэба пачынаць ад нацыянальнай культуры: каб яны ведалі гэтых пісьменьнікаў, каб яны іх відочна ўяўлялі. Тады й будзе гонар за сваю краіну. А школа гэтага не дае”.

(Гандлярка: ) “Я лічу, што вельмі дрэнная дысцыпліна. Дзеці паляць, п’юць піва каля школы. Настаўнікаў больш турбуе, каб дзеці не выходзілі на плошчу. А што яны п’юць – гэта праблема іхных бацькоў, а не настаўнікаў”.

(Жанчына: ) “Я дацэнт ВНУ, і да мяне прыходзяць выпускнікі школы. На жаль, адбылося расслаеньне – ёсьць разумнікі шляхам самастойнай працы, якіх раней можна было не сустрэць… А так... недастаткова эрудаваныя. Мне здаецца, што стымул у школе крыху згублены: ня сорамна выходзіць са школы зь любымі баламі. Сыстэма адбору ў ВНУ робіць іх яшчэ больш прагматычнымі: “натаскай” сябе на канкрэтнае вузкае кола пытаньняў і аббяжы іншых, праскачы”.

(Касірка: ) “Гэта падручнікі. Немагчыма разабрацца нават тым, хто скончыў інстытут”.

(Правізарка: ) “Шмат настаўнікаў, якія самі не рыхтуюцца да заняткаў. Яны патрабуюць толькі адзнак. Дзеці страчваюць давер да настаўнікаў, і яны ня маюць ніякага аўтарытэту”.

(Жанчына: ) “Мне не падабаецца стаўленьне настаўнікаў да навучальнага працэсу. Я лічу, што ў школе мусяць заставацца людзі, у якіх ёсьць прызваньне працаваць зь дзецьмі, аддаваць ім частку сябе. Ува ўсялякім разе, маладыя настаўнікі не валодаюць такімі якасьцямі”.
XS
SM
MD
LG