Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Казуліна: пратакол суду недакладны


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адвакат Ігар Рынкевіч накіраваў у Маскоўскі суд Менску заўвагі да пратаколу працэсу над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Абаронца настойвае на карэктыроўцы пратаколу, бо лічыць, што ён ня цалкам адпавядае працэсу.

Нагадаю: суд разглядаў гэту справу ў ліпені й пакараў экс-кандыдата на прэзыдэнта 5-цю з паловай гадамі зьняволеньня. Большасьць заўваг да пратаколу тычацца палемікі Аляксандра Казуліна з пракурорам Сяргеем Бортнікам -- паведаміў “Свабодзе” адвакат Ігар Рынкевіч. Абаронца выказаў прэтэнзіі й адносна іншых старонак пратаколу.

(Рынкевіч: ) “Пратакол ня цалкам адлюстроўвае судовае разьбіраньне. Гэтак, ёсьць цэлы шэраг заўваг адносна цытаваньня ў пратаколе паказаньняў самога Казуліна, а таксама пацярпелага амапаўца Якімовіча, якога можна лічыць галоўным пацярпелым у першым эпізодзе”.

Каб выправіць недакладнасьці, адвакат Рынкевіч прапанаваў судзьдзю Рыбакову далучыць да матэрыялаў справы аўдыёзапіс працэсу, які вялі абаронцы. Таксама яшчэ раз прапанавана зрабіць копіі пратаколу. Прынамсі, гэтае хадайніцтва ў судзе Маскоўскага раёну ўжо разглядала -- і адхіліла яго намесьніца старшыні суду Тамара Внукевіч. Цяпер паўторнае хадайніцтва адвакат накіраваў судзьдзю Аляксею Рыбакову.

Ігар Рынкевіч мяркуе , што пратакол працэсу над Аляксандрам Казуліным -- гістарычны дакумэнт, а таму, паводле адваката, надзвычай важна, каб ён адпавядаў падзеям на працэсе.

Са слоў адваката, неўзабаве справа Аляксандра Казуліна будзе перададзена ў Менскі гарадзкі суд, дзе цягам месяца мусяць прызначыць дзень перагляду справы. Варта нагадаць: Аляксандар Казулін не пагадзіўся з прысудам і абскардзіў яго ў гарадзкім судзе. Палітык мяркуе, што зь ім паквіталіся за крытыку падчас выбарчай кампаніі.

У якіх умовах цяпер знаходзіцца Аляксандар Казулін? Ігар Рынкевіч паведаміў, што Казуліна па-ранейшаму ўтрымліваюць у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Былы рэктар БДУ знаходзіцца ў камэры, разьлічанай на чатырох чалавек. Вядома, што на ўмовы палітык ня скардзіцца -- гэтаксама, як і на стан здароўя. 30 жніўня ў бацькі Аляксандра Казуліна – Уладзіслава Казуліна дзень нараджэньня. Вядомы апазыцыянэр перадаў з турмы віншаваньні свайму бацьку.

Аляксандра Казуліна суд прызнаў вінаватым у хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў 25 сакавіка. З таго дня экс-кандыдат на прэзыдэнта знаходзіцца за кратамі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG