Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр вялікі арабскі раманіст


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Пайшоў з жыцьця чалавек, якога многія называлі лепшым арабскім раманістам. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры эгіпцянін Нагіб Махфуз памёр у каірскім шпіталі ва ўзросьце 94 гадоў ад шэрагу захворваньняў.

Аўтару болей як 40 раманаў славу прынеслі тры кнігі. Менавіта за “Каірскую трылёгію” ў 1988 годзе Нагіб Махфуз і быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй у галіне літаратуры. Як было сказана у рашэньні нобэлеўскага камітэта – “за рэалізм і багацьце адценьняў твораў, якія сфармалі арабскую мастацкую прозу і маюць значэньне для ўсяго чалавецтва.”

Адзін з буйнейшых арабістаў, прафэсар Роджэр Ален, які быў сябрам Махфуза цягам 39 гадоў і перакладчыкам некалькіх ягоных кніг на ангельскую мову, падкрэсьлівае, што няма ніводнага пісьменьніка ў арабскім сьвеце, хто ня быў бы ўдзячным Махфузу за магчымасьць пісаць раманы на арабскай мове, бо ён пачатковец у гэтай справе.

(Ален:) “Ён – ікона. У Эгіпце яго часта называюць эгіпецкай пірамідай 20-га стагодзьдзя, Ён найбольш паважаны чалавек у Эгіпце, таму што заўсёды гаварыў тое, што думае. Ён вельмі шчыры. Няма такіх выпадкаў, каб ён адмовіўся на любую праблему выказаць вам сваё меркаваньне.”

“Каірскую трылёгію” Роджэр Ален называе “грандыёзным манумэнтам у сучаснай арабскай літаратуры”, бо ў ёй адлюстраваныя галоўныя зьмены ў жыцьці на Блізкім Усходзе. У трох раманах ахопліваецца гісторыя Эгіпту ад 1916 году да 1944 праз паказ жыцьця адной эгіпецкай сям’і, уцягнутай у палітычныя, сацыяльныя, культурныя працэсы паміж дзьвюма войнамі. Трылёгія мела вялікае ўзьдзеяньне на ўвесь арабскі сьвет і натхніла многіх маладых арабскіх раманістаў на творчасьць.

У 1994 годзе на ляўрэата Нобэлеўскай прэміі напаў ісламскі экстрэміст, які пасьля заявіў, што зрабіў гэта з помсты за зьнявагу Алаха ў адным з твораў Махфуза. У рамане “Дзеці Гебелаві” алегарычным спосабам падаваўся жыцьцяпіс ісламскіх прарокаў. Паранены нажом у шыю, пісьменьнік правёў у шпіталі некалькі тыдняў. Нож пашкодзіў важныя нэрвы, і Махфузу стала цяжка пісаць. Таксама пагоршыліся зрок і слых.

Пісьменьнік памёр у адным з каірскіх шпіталёў, дзе знаходзіўся зь ліпеня пасьля сур’ёзнага кровазьліцьця.
XS
SM
MD
LG