Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Вольга Іпатава: Я веру, што Дом літаратара застанецца…</B>


Вольга Іпатава Я веру, што Дом літаратара вернецца да нас. Усю ноч на 30 жніўня ідзе дождж, і кожная кропля, здаецца, гаворыць мне: “Дом! Дом-м! Дом-м” Сёньня мы апошні раз зьбіраемся ў нашым Доме літаратара…

Дом-м!

Тонкая, як бярозка, Жэня Янішчыц чытае са сцэны:

“Ты пакліч мяне, пазаві; Мы заблудзімся ў хмельных травах Пачынаецца ўсё зь любві…”

Дом-м!

Непаўторная ўсьмешка Максіма Танка і яго працягнутая рука: “Як жывецца? Што пішацца?”

Дом-м!

Мы сядзім з Васілём Быкавым у кабінэце, і я чую яго ціхі, мудры голас: “Калі табе цяжка, Оля, узгадвай пра папярэднікаў, якія засталіся ў Сібіры навечна”.

І песьня, якую пяе Янка Брыль, галасы, словы, і зборнік вершаў. Там – заціхлая ўвага залі, воклічы – зьезды… І тое, што чытае Беларусь, над чым яна задумваецца, з чаго пакеплівае, што любіць.

Яны хочуць, каб усё гэта зьнікла, разьвеялася. Яны мучаць нас судамі, параграфамі, усёй няпраўдаю, якая й складае іхную сутнасьць. Яны душаць ўжо галасы, усьмешкі, словы памерлых, якімі поўніцца гэты дом. Але я іх чую. І яны кажуць мне: "Няўжо ты ня ведаеш, што Дух неўміручы? Пачынаецца ўсё з мовы, і не заканчваецца ніколі…”

Я ўжо ня слухаю дажджу й кропель-цьвікоў. Я слухаю іх.

Я веру, што Дом літаратара застанецца – у нас, з намі, па-за намі…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG