Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў выселілі з Дому літаратара (фота)


Ганна Соўсь, Менск Cёньня адбылося высяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара. Кіраўнік спраў Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Кулічкоў адмовіў Саюзу ў арэндзе нават невялікага пакойчыку ў будынку на Фрунзэ,5, які цяпер належыць Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленьню Адміністрацыі прэзыдэнта. Пісьменьнікі ўласнаручна вынесьлі з мэмарыяльнага пакою Максіма Танка партрэты клясыкаў беларускай і ўсясьветнай літаратуры й склалі іх ды іншую маёмасьць у падвальным памяшканьні Дому літаратара.

Сёньня ў Доме літаратара адбылося пасяджэньне Рады саюзу беларускіх пісьменьнікаў – апошняе ў гэтым будынку. У адпаведнасьці з рашэньнем Гаспадарчага суду Менску на сёньня было прызначана прымусовае высяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Перамовы старшыні Саюзу Алеся Пашкевіча з кіраўніком спраў Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Кулічковым плёну не далі.

(Пашкевіч: ) “На маю просьбу заключыць дамову й пад сьлёзныя запэўніваньні, што мы будзем плаціць арэнду за “танкаўскі кабінэт”, было адмоўлена. Сказалі наступнае: “З мэмарыялам мы паступім па-дзяржаўнаму”. Прасіў дазволіць за грошы арэнду ў Доме літаратара самага хоць маленькага пакойчыку – таксама было адмоўлена. Пра сэнтэнцыю аб дзяржаўным выкарыстаньні мэмарыялу: у вызваленым намі памяшканьні бібліятэкі Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне кіраўніцтва спраў Адміністрацыі прэзыдэнта зьбіраецца днямі ладзіць банкет уганараваньня 12-годзьдзя гэтай арганізацыі”.

Па зьяўленьні судовай выканаўцы й прадстаўніка Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта пісьменьнікі пачалі выносіць партрэты клясыкаў з мэмарыяльнага кабінэту Максіма Танка. Спускаючыся ў падвальнае памяшканьне, Лявон Баршчэўскі з горкай іроніяй заўважае: гэта яшчэ не расстрэл.

(Баршчэўскі: ) "Калі ўспомнім, што 29 кастрычніка 1937 году адным махам расстралялі 24 беларускіх пісьменьнікаў, то сёньняшнія падзеі сьведчаць: чалавецтва ўсё ж ідзе наперад, і пакуль яшчэ да гэтага не дайшло – пісьменьнікаў не расстрэльваюць".

У сутарэньнях апынуліся партрэты Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цёткі, Васіля Быкава, Тараса Шаўчэнкі, Льва Талстога, Мікалая Някрасава, Максіма Танка ды іншых клясыкаў. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч нёс партрэт Максіма Багдановіча. Паводле Ніла Сымонавіча, ня варта прыніжацца перад чыноўнікамі – трэба шукаць новае памяшканьне.

(Гілевіч: ) “Шукаць нейкі падвал – гэта ня самае страшнае. Ніколі ні пры якіх абставінах не пайду прасіць і глядзець у вочы антынацыянальнаму, антыбеларускаму рэжыму”.

За гадзіну да высяленьня пісьменьнікі павіншавалі зь юбілеем Генадзя Бураўкіна. Паэт і грамадзкі дзеяч упэўнены, што трэба абвясьціць усенародны збор сродкаў дзеля дапамогі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

(Бураўкін: ) “Нават калі гэты фонд ня будзе надта багаты... Усё ж – каб мы пабачылі падтрымку. Каб людзі нейкім чынам даведаліся, што робіцца зь пісьменьнікамі, зь літаратурай”.

Нягледзячы на ўсе складанасьці, старшыня саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч не губляе аптымізму.

(Пашкевіч: ) “Саюз пісьменьнікаў нашай краіны не здаецца. На вашых вачах партрэты клясыкаў, геніяў нацыянальнай літаратуры былі зьнесены ў падвал Дому літаратара. Па сутнасьці, гэта сымбалічны зыход нацыянальнай літаратуры й самай старэйшай творчай арганізацыі Беларусі ў лёсавыя катакомбы”.

Высяленьне Саюзу з Дому літаратара стварае небясьпеку пазбаўленьня юрыдычнага адрасу і – адпаведна – скасаваньня рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі. Сёньня ж была агучана прапанова ўдавы Васіля Быкава Ірыны Міхайлаўны, якая запрасіла пісьменьнікаў разьмясьціцца на былым лецішчы Быкава ў Ждановічах.

Што да будучыні Саюзу, то сёньня была вызначана тэрмін правядзеньня 15-га чарговага зьезду СБП – пачатак кастрычніка. На ім мусіць быць прыведзены ў адпаведнасьць зь дзейным заканадаўствам статут творчага саюзу. У праекце зьменаў, што маюць быць унесены, ёсьць і пункт аб тым, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў зьяўляецца правапераемнікам Саюзу пісьменьнікаў БССР. Сёньня ж на пасяджэньні Рады Саюзу пісьменьнікаў у склад яго былі прыняты Віталь Тарас і Фёдар Баравы.

Здымкі з паседжаньня:


Сябры Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў галасуюць за ўнясеньне зьменаў у статут


Кветкі Г.Бураўкіну з нагоды 70-годзьдзя


Алесь Пашкевіч віншуе Віталя Тараса з уступленьнем у Саюз беларускіх пісьменьнікаў


Саюз беларускіх пісьменьнікаў прыйшоў падтрымаць кіраўнік менскага аддзяленьня амбасады Швэцыі Стэфан Эрыксан


Судовая выканаўца і прадстаўнік Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта чакаюць, пакуль пісьменьнікі вызваляць мэмарыяльны пакой Максіма Танка


У былым памяшканьні бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў цяпер рыхтуюцца да банкету з нагоды 12-годзьдзя Гаспадарчага ўпраўленьня кіраўніцтва спраў Адміністрацыі прэзыдэнта.


Алесь Пашкевіч нясе ў падвал збор твораў Васіля Быкава

Гл. таксама: Высяленьне пісьменьнікаў з Дому літаратара - фотарэпартаж
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG