Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія могілкі ў Горадні пацярпелі ад нядбайнага ўпарадакаваньня (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Польскую грамадзкасьць Горадні абляцела чутка нібыта аб масавым пашкоджаньні крыжоў на магілах польскіх жаўнераў з 1920 году. Старыя каталіцкія могілкі наведаў сёньня раніцай генэральны консул РП Анджэй Крэнтоўскі з супрацоўнікамі. На месцы падзеі пабываў наш карэспандэнт.

Побач з жаўнерскімі магіламі рабочыя спляжылі адно вялікае старое дрэва, а ў другога сьпілавалі галіны. Актывіст непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў (на чале з А.Борыс) Мечыслаў Яскевіч гаворыць, што нядаўна яны прыбралі жаўнерскія магілы, і яго ўразіла, што там цяпер поўнае бязладзьдзе.

(Яскевіч: ) “Я не паверыў гэтаму, бо раней бачыў, як рабілі парадкі на праваслаўных могілках, дык там акуратна ўсё рабілася. А як я прыехаў сюды і ўбачыў, дык гэта натуральнай вады вандалізм: некаторыя крыжы паламаныя, яны так восемдзесят гадоў маюць, і самі па сабе ўжо ня ў добрым стане, а тут яшчэ на іх падаюць пацурбалкі, якія па дзьвесьце кіляграмаў важаць”.

Спадар Яскевіч зазначае, што старыя праваслаўныя могілкі, якія месьцяцца побач з каталіцкімі, былі ўпарадакаваны вельмі дбайна: калі там сьпілоўвалі галіны дрэў, іх спускалі на вяроўках, каб не пашкодзіць магілы.

Зь іншым актывістам Саюзу палякаў, Андрэем Пачобутам, мы наведалі дырэктара гарадзкога прадпрыемства грамадзянскага абслугоўваньня Валерыя Апарцава. Ён патлумачыў, што з просьбай сьпілаваць два дрэвы ля жаўнерскіх магілаў да гарадзкіх уладаў зьвярнулася Генэральнае консульства Польшчы. Таксама пробашч мясцовай парафіі прасіў упарадкаваць цалкам старыя каталіцкія могілкі, дзе, дарэчы, пахавана пісьменьніца Эліза Ажэшка. Каб выканаць просьбу консульства, былі запрошаны спэцыялісты па альпінізму зь Віцебска.

(Апарцаў: ) “І вось мы прыступілі да зносу дрэваў. Прыбралі гэтыя крыжыкі, каб, калі будзе падаць дрэва, іх не паламала. Карацей, мы прыбралі толькі тыя крыжы, пра якія нам сказалі спэцыялісты, каторыя будуць перашкаджаць. А астатнія навошта чапаць, калі іх акуратна накрылі галінамі і крыж той стаіць”.

Спадар Апарцаў сказаў, што яны пранумаравалі крыжы, выцягнутыя з магілаў, каб ведаць куды іх ставіць назад. Мы са спадаром Пачобутам вярнуліся на могілкі і ўбачылі, што пранумараваны нават крыжы, якія стаяць на магілах: на іх лічбы, зробленыя крэйдай, бачныя, але на тых, што ляжаць, дождж амаль цалкам змыў нумарацыю.

Частка крыжоў безназоўныя, але на іншых пазначаны імёны і даты сьмерці, таму польскія актывісты непакояцца аб тым, што будзе цяжка зноўку ўкапаць крыжы менавіта там, дзе яны стаялі. Паводле Андрэя Пачобута, на гэтых могілках быў 151 жаўнерскі крыж, ён асабіста налічыў сёньня 118, зь якіх каля 50 — ляжаць. Атрымліваецца, што астатніх альбо няма, або яны знаходзяцца пад кавалкамі сьпілаванага дрэва, мяркуе ён.


Агульны цяперашні выгляд жаўнерскіх магілаў


Андрэй Пачобут ля ўваходу на старыя каталіцкія могілкі


Жаўнерская магіла


Антаніна Ванішэўская (1924 году нараджэньня) з маленства даглядала тутэйшыя магілы, яе бацька служыў у Войску Польскім
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG