Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё сваё школьнае жыцьцё мы вучылі гісторыю Беларусі на роднай мове. Чаму нас гэтага хочуць пазбавіць?..”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 30 жніўня 2006 году.

Чыноўнікі ад адукацыі плянуюць у хуткім часе перавесьці выкладаньне нацыянальнай гісторыі ў школах Беларусі на расейскую мову. Дагэтуль гісторыю й геаграфію сваёй краіны вучні ва ўсіх беларускіх школах (нават расейскамоўных) вывучалі па-беларуску. Навіна пра далейшую русыфікацыю сыстэмы нацыянальнай адукацыі выклікала заўважны розгалас сярод слухачоў “Свабоды”. Сёньняшнюю размову пачну з аднаго з такіх лістоў. Яго аўтар ведае праблему, як кажуць, “знутры”.

Яна Марчук – вучаніца адзінаццатай клясы сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў Горадні, ёй 16 год. Школа – якіх большасьць у Беларусі: асноўную колькасьць навучальных дысцыплінаў у ёй выкладаюць па-расейску. Выключэньне – родная мова й літаратура, геаграфія й гісторыя Беларусі. І вось гісторыю з гэтага пераліку хочуць выключыць.

“Такая навіна ня можа не хваляваць! Усё сваё школьнае жыцьцё мы вывучалі гэты прадмет на роднай мове. У пачатковай школцы ў нас быў курс “Мая Радзіма – Беларусь”, зь пятай клясы праходзім “Гісторыю Беларусі”. І за ўвесь гэты час ніколі не вялася гутарка пра тое, каб настаўнік выкладаў, а вучні рыхтаваліся да гэтага ўроку ПА-РУСКУ. Прадмет пра Беларусь – значыць, і займаемся на беларускай мове. А як жа інакш можна распавесьці пра нашу старадаўнюю славутую гісторыю?

Я ўпэўнена: калі б ствараліся ўмовы для сапраўды свабоднага выбару мовы навучаньня, то выпускнікоў беларускамоўных школ было б значна больш за сёлетнія 22 тысячы! Не стае дзіцячых садкоў, дзе выхаваньне вялося б на роднай мове. Яны павінны быць у кожным мікрараёне гораду. А ў нас такі садок адзін на ўвесь горад – на вуліцы Ўрублеўскага. Каму захочацца, скажам, з Паўднёвага ці Дзевятоўкі штодня вазіць сваё дзіця на другі канец гораду?

Пагадзіцеся, што адсутнасьць беларускамоўных школ у больш чым 300-тысячнай Горадні таксама не спрыяе пашырэньню навучаньня па-беларуску. Дзецям і падлеткам патрэбны адмысловыя газэты й часопісы, адукацыйныя й забаўляльныя тэлеперадачы й кінафільмы. Пасьлядоўна расьце колькасьць школьнікаў, якія карыстаюцца Internetам. Чаму ў нас няма такога разнастайнага, інфармацыйна насычанага й – галоўнае – беларускамоўнага дадатковага навучальнага матэрыялу? Нарэшце, чаму выпускнікі беларускамоўных школ ня могуць працягваць сваё навучаньне на роднай мове ў ВНУ, калі яны паступілі на юрыдычны факультэт або, напрыклад, на факультэт аховы расьлін?

Думаецца, што толькі тады, калі будуць створаны адпаведныя ўмовы для паўнавартаснага й свабоднага разьвіцьця абедзьвюх дзяржаўных моў, замацуюцца сапраўды аб’ектыўныя падставы для таго, каб казаць пра гарантаванае законам права выбіраць мову свайго навучаньня.

Яна Марчук, 16 год, вучаніца 11 клясы англа-матэматычнага профілю, Горадня”.

Зусім лягічныя й цалкам слушныя развагі, Яна. Гэтыя пытаньні павінны задаваць сабе й шукаць адказы на іх старшыня гарвыканкаму, міністар адукацыі, кіраўнік ураду. Тое, што такія пытаньні й высновы ў такім выглядзе сфармулявала 16-гадовая дзяўчына, якую адзінаццаць гадоў вучылі ў расейскамоўнай школе й пазьбягалі часам навучаньня сытуацый зь перакошаным у расейскі бок дзьвюхмоўем, – сур’ёзны сыгнал для чыноўнікаў ад адукацыі. Праблема, пра існаваньне якой яны добра ведаюць, але робяць выгляд, быццам яе няма: маўляў, як-небудзь сама адпадзе ў працэсе татальнай русыфікацыі, насамрэч нікуды не зьнікае й не вырашаецца. Нават са сьцен русыфікаванай школы выходзяць выпускнікі, якія разважаюць пра такія праблемы больш кваліфікавана й грунтоўна, чым высокапастаўленыя чыноўнікі Міністэрства адукацыі. І будучыня ўрэшце за гэтымі юнакамі й дзяўчатамі, а не за дашчэнту запалоханымі, несамастойнымі й безыніцыятыўнымі бюракратамі.

Наш слухач Аляксандар Макараў зь Ліды разважае пра некаторыя адметнасьці аўтарытарнай сыстэмы ўлады. У лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Рэпрэсіі, перасьлед іншадумцаў, адсутнасьць свабоды слова спакваля сталі ў Беларусі звыклымі. Нават у дробязях таталітарная сыстэма пераймае сваіх славутых папярэднікаў. Дастаткова згадаць гіганцкія будоўлі (палацы й Нацыянальную бібліятэку), вайсковыя парады з масавымі фізкультурнымі шэсьцямі… А гэты момант, калі кіраўнік дзяржавы трымае на руках маленькае дзяўчо, што прынесла яму кветкі… Адразу згадваецца фота Сталіна зь дзяўчынкай у піянэрскім гальштуку на руках. І парады, і шэсьці фізкультурнікаў – усё гэта людзі бачылі на кадрах старой кінахронікі 30--40-х гадоў. Улада баіцца любой праявы апазыцыйнасьці. У нас у Лідзе падчас выбарчай кампаніі над вуліцамі вывесілі плякаты-расьцяжкі “Лёс краіны – твой лёс”. Напісаны яны былі белымі літарамі на сінім полі. А тут Мілінкевіч 2-га сакавіка выступіў па тэлебачаньні й абвясьціў сіні колер колерам апазыцыі. Што тут усчалося! Сінія расьцяжкі сталі неадкладна здымаць, а на іх месцы неўзабаве зьявіліся чырвоныя. Як жа яны перапалохаліся!

… Праўда, на вежы Лідзкага замку захаваўся ветравік з гербам “Пагоня” – за 12 год улады так і не змаглі яго зьняць”.

Напэўна, спадар Макараў, дойдзе чарга й да ветравіка – калі толькі ня знойдзецца разумны чыноўнік і не пераканае пільных таварышаў, што помнік архітэктуры чапаць ня варта, нават калі ён і не зусім адпавядае цяперашнім ідэалягічным пастулатам. Не дадумаліся ж пакуль да зьнішчэньня старонак кніг, выдадзеных на пачатку 1990-х гадоў, у якіх шмат малюнкаў і фатаздымкаў з нацыянальнымі гістарычнымі сымбалямі.

Адзін мой знаёмы чыноўнік у 1995-м годзе, калі пасьля рэфэрэндуму загадана было памяняць шыльды са старой сымболікай, новай шыльды распарадзіўся не замаўляць – абмежаваўся заменай гербу. Акуратна зьнятую выяву “Пагоні” забраў сабе й хавае ў шуфлядзе стала. Калі нацыянальная сымболіка зноў стане дзяржаўнай, на шыльдзе гэтай установы яна зьявіцца ў той жа дзень.

Наступны ліст – ад Івана Савіча зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну.

“Наша сёньняшняе грамадзтва ў сваёй большасьці апанавана вірусам спажывецкага “пафігізму”. І вельмі хацелася б, каб Радыё Свабода не спрабавала патураць гэтым спажывецкім запатрабаваньням. Бо як мудра зазначыў шаноўны Уладзімер Някляеў:

“Народу можа засьціць зрок бяз дай прычыны, Ды бачыць Божа кожны крок на звод Айчыны...”

Так склалася, што ў нашай краіне людзі амаль пазбаўлены альтэрнатыўных сродкаў масавай інфармацыі. Радыё Свабода застаецца адзінай непаўторнай і жыватворнай крыніцай. Слухаюць “Свабоду” збольшага людзі, не абыякавыя да лёсу нашага краю, якіх цікавіць наша гісторыя й культура як незаменны й першасны атрыбут кожнай нацыі”.

Далей у сваім лісьце Іван Савіч працягвае размову, пачатую некалькі тыдняў таму нашым слухачом Эдуардам Тобіным са Смалявічаў – пра верагоднасьць вяртаньня ў сучасны ўжытак гістарычнага назову “Літва” ў дачыненьні да беларускіх земляў.

“У нашай краіне шмат што магчыма – нават тое, што малаверагодна. І Беларусь магла б зноў стаць Літвою, як і павінна быць. Народу ўсё адно, як кажуць, “да ліхтара” – ці Беларусь гэта, ці Літва. Ды Літва прыгажэй гучыць. Беларусь жа анямела й маўчыць. Можа, якраз памяць пра Вялікую Літву й здолее абудзіць сонную Беларусь, якая пакрысе ператвараецца ці то ў Русабелію, ці невядома ў што.

Думаю, многія слухачы, як і я, хочуць, каб па “Свабодзе” гучала болей перадачаў на гістарычную, літаратурную, рэлігійную тэматыку, і меней – пра газавую трубу. Бо ня толькі трубамі й газам жыве чалавек. Таму ён і застаецца чалавекам”.

Мы, спадар Савіч, спрабуем улічваць інтарэсы й пажаданьні ўсіх нашых слухачоў – і тых, хто аддае перавагу гістарычнай і культурнай тэматыцы, і тых, каго больш цікавяць сучасныя палітычныя й эканамічныя праблемы. Слухачоў, якіх найперш цікавіць, як Вы пішаце, “газавая труба”, – таксама нямала. І ў іх свая аргумэнтацыя: заўтрашні дзень Беларусі, узровень жыцьця сёньняшніх беларускіх грамадзянаў у многім залежыць якраз ад гэтага.

Што да гістарычных назоваў і магчымасьці іх вяртаньня ў сучасны ўжытак. Мне ўжо ня раз даводзілася выказвацца на гэту тэму. Вярнуцца ў 16-е стагодзьдзе немагчыма. Назвы “Беларусь” і “беларусы” за апошнія паўтара стагодзьдзі трывала ўкараніліся ў грамадзкую сьвядомасьць, прызнаны міжнароднай супольнасьцю. Гэта ж датычыць і сучаснай Літвы.

Спрэчка за гістарычную назву нават у сёньняшняй Эўропе здольна прывесьці да сур’ёзнага міжнароднага канфлікту. Гэтак здарылася з Македоніяй – былой саюзнай югаслаўскай рэспублікай. Пасьля распаду фэдэрацыі на пачатку 90-х гадоў незалежнасьць Македоніі аказалася пад пагрозай у многім з тае прычыны, што суседняя Грэцыя катэгарычна адмовілася прызнаваць яе пад гэтай назвай і патрабавала забараніць выкарыстаньне слова “Македонія” ў назьве новай дзяржавы. Аргумэнтацыяй служыла тое, што большая частка гістарычнай вобласьці Македонія разьмешчана на тэрыторыі сучаснай Грэцыі, і Афіны непакояцца, ці ня зробіцца гэта ў будучыні падставай для тэрытарыяльных прэтэнзіяў.

У выніку маладая незалежная краіна была прынята ў ААН і прызнана ў сьвеце толькі ў 1993-м годзе пад назвай “Былая югаслаўская рэспубліка Македонія”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG