Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі пра ініцыятыву В.Івашкевіча па вылучэньнях на кангрэс дэмсілаў


Радыё Свабода, Менск Сёньня на сваё паседжаньне зьбіраецца палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Будзе абмяркоўвацца, між іншага, прапанова намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча пра вылучэньне дэлегатаў на чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў. Паводле спадара Івашкевіча, суб’екты кааліцыі павінны вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах шляхам збору подпісаў. Тыя кандыдаты, якія набяруць ня менш за 500 подпісаў выбарцаў, аўтаматычна аказваюцца дэлегатамі кангрэсу. Як ставяцца да гэтай прапановы сябры кааліцыі?

Лідэр незарэгістраванай уладамі Партыі свабоды й прагрэсу Ўладзімер Навасяд сказаў, што сёньня перад палітрадай адбудзецца пасяджэньне Эўрапейскай кааліцыі, якая выпрацуе кансалідаваны погляд на прапанову спадара Івашкевіча. Спадар Навасяд пераказаў заяву, перададзеную Мікалаем Статкевічам.

(Навасяд: ) “Мы павінны праводзіць кангрэс толькі перад парлямэнцкімі выбарамі, альбо ў выпадку пагрозы сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі. Спадар Статкевіч адзначае: калі будуць такія прапановы зьбіраць кангрэс да мясцовых выбараў, то Эўрапейская кааліцыя ў такім кангрэсе ўдзелу браць ня будзе”.

Паводле спадара Навасяда, сёньня трэба рыхтавацца да мясцовых выбараў і весьці працу ў рэгіёнах. Што да вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, то партыі, хутчэй за ўсё, і будуць вылучаць іх шляхам збору подпісаў. А сабраць 500 подпісаў – не такая ўжо й складаная задача.

Паводле старшыні Сацыял-Дэмакратычнай Грамады Станіслава Шушкевіча, прапанова Віктара Івашкевіча робіць працэс бясконцым.

(Шушкевіч: ) “Павінна быць мэта, а мэты тут няма. Мэта павінна быць пазначана. Таму што людзі не заўсёды ведаюць, пад чым яны ставяць подпісы. І канкураваць у зборы подпісаў – я ня бачу такой патрэбы... Калі зборшчыкі будуць вызначаць лёс кангрэсу – гэта ня лепшы варыянт. Але раз людзі хочуць гэтым займацца, то няхай займаюцца.

Цяпер склалася такая сытуацыя, што кангрэс патрэбен. Толькі сьпяшацца з гэтым ня трэба. Трэба, каб ён выглядаў нармальным зрэзам грамадзтва. А калі дэлегаты будуць абраны па мэтодыцы Івашкевіча, то кангрэс акажацца зрэзам зборшчыкаў, а не сэнсоўшчыкаў”.

Старшыня закрытай уладамі Партыі працы Аляксандар Бухвостаў заявіў, што ініцыятыву спадара Івашкевіча трэба абмяркоўваць, бо гэтае пытаньне спрэчнае.

(Бухвостаў: ) “Мэта кангрэсу? Калі абіраць новага лідэра, то, канечне, можна так рабіць. Але я лічу, што пакуль ня трэба. Цяпер трэба дамовіцца з кіраўнікамі партый пра сумесную працу й пра нейкую дысцыпліну й адказнасьць перад сабой. Таму што пакуль бачна толькі безадказнасьць у кааліцыі апазыцыйных сіл”.
XS
SM
MD
LG