Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкія актывісты скардзяцца ў пракуратуру на самаўпраўства


Радыё Свабода Наваполацкія актывісты Валер Шаўчэнка ды Ігар Сухарукаў зьвярнуліся сёньня ў абласную пракуратуру. У сваім звароце яны просяць пракуратуру ўжыць захады дзеля таго, каб наваполацкі гарадзкі суд разгледзеў іхную скаргу на неправамоцныя дзеяньні кіраўніцтва мясцовага гарвыканкаму.

Гісторыя гэтая пачалася ў красавіку сёлета. Тады наваполацкі гарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне штодзённых пікетаў у абарону палітвязьняў на пляцоўцы каля гарадзкога палацу культуры. Актывісты зьвярнуліся са скаргай у аблвыканкам, але той палічыў такія дзеяньні гарадзкой “вэртыкалі” законнымі і адпаведнымі заканадаўству.

Пасьля таго спадары Шаўчэнка і Сухарукаў зьвярнуліся ў суд з патрабаваньнем прыцягнуць кіраўніцтва гарвыканкаму да адміністрацыйнай адказнасьці за самаўпраўства і парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў. Суд адмовіўся разглядаць такую скаргу, паведаміўшы заяўнікам, што для прыцягненьня службовых асобаў да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 167 (самаўпраўства) і 167-7 (невыкананьне службовай асобай заканадаўства аб зваротах грамадзянаў) КоАПП патрабуецца міліцэйскі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Незадаволіўшыся такім адказам, актывісты зьвярнуліся ў абласную пракуратуру.

Паводле актывістаў, яны вырашылі ў пляне абароны сваіх законных канстытуцыйных правоў прайсьці ўсе выканаўчыя ды судовыя інстанцыі і паглядзець – што з таго атрымаецца.
XS
SM
MD
LG