Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітрада вырашае, ці патрэбны чарговы кангрэс


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску на сваім пасяджэньні палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў абмяркуе пытаньні, зьвязаныя з удасканаленьнем працы кааліцыі.

На палітраду між іншым выносіцца прапанова намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча аб вылучэньні дэлегатаў на чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў. Паводле спадара Івашкевіча, суб’екты кааліцыі павінны вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах шляхам збору подпісаў. Тыя кандыдаты, якія набяруць ня менш за 500 подпісаў выбарцаў аўтаматычна становяцца дэлегатамі кангрэсу.

Паводле старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі, у гэтым пытаньні адбываецца дыскусія і пакуль канчатковай пазыцыі няма. Спадар Вячорка заявіў, што на дадзены момант партыя не выступае за правядзеньне чарговага кангрэсу дэмсілаў.

(Вячорка: ) “ Мы лічым, што правядзеньне кангрэсу, калі мы правялі кангрэс у кастрычніку мінулага году, будзе толькі распыляць нашы сілы і скіроўваць іх на саміх сябе. Актыў зноў будзе займацца самім сабой, замест таго, каб ісьці да грамадзтва, займацца грамадзтвам. Наша пазыцыя грунтуецца на тым, што прынята палітычнай радай аб’яднаных дэмсілаў. Прынятая стратэгія, прыняты плян дзеяньняў, у якім няма ніякага кангрэсу. Усе прапановы іншыя - ёсьць прапановы новыя, якія не абмеркаваны і не падтрыманыя нікім пакуль што.”

Паводле спадара Вячоркі, на сёньняшнім пасяджэньні палітрады аб’яднаных дэмсілаў працягнецца фармаваньне сакратарыяту палітычнай рады.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што 8 верасьня зь Берасьцейшчыны распачынае сэрыю паездак па 25-ці гарадах Беларусі. Паводле спадара Мілінкевіча, на паседжаньні палітрады трэба абмеркаваць ўдзел кааліцыі ў маючых адбыцца мясцовых выбарах. Ён лічыць, што крызыс у кааліцыі ўжо мінуў, а цяпер многа прапановаў, якія абмяркоўваюцца. Да прыкладу выказана прапанова правесьці кангрэс дзеля стварэньня новай канфігурацыі дэмсілаў.

(Мілінкевіч: ) “ Я лічу, што самае важнае працаваць зь людзьмі, езьдзіць па рэгіёнах, распаўсюджваць інфармацыю, дыялёг. А кангрэсы ўсё ж такі – гэта нашыя тусоўкі. І ці мы маем права толькі гэтым займацца, а іншым не? Вось гэта дрэнна. Калі спалучым, можна рабіць. Проста ў залежнасьці ад таго, ці зможам рабіць галоўнае і адначасова другаснае. Кангрэс – гэта другаснае. Першаснае – гэта людзі. Мы ж ішлі на выбары таксама разумелі, што выбараў не будзе, аднак ішлі і працавалі шчыра, таму што змагаліся за людзей. І зараз гэта ж можна рабіць. Можна з насельніцтвам працаваць, насельніцтва ж нічога не разумее, што адбываецца”.





.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG