Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь і Расея спрабуюць урэгуляваць нафтавы канфлікт


Міхал Стэльмак, Менск У Маскве пачаліся расейска-беларускія перамовы з нагоды рознагалосьсяў наконт экспарту нафтапрадуктаў.

Зь Менску ў расейскую сталіцу накіравалася прадстаўнічая дэлегацыя, у складзе якой прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў і эканомікі, канцэрну “Белнафтахім”. Тут яны правядуць перамовы, датычныя спрэчкі з Масквой наконт даходаў ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых у Мазыры і Наваполацку. Гаворыць загадчык аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краін СНД Аляксандр Фадзееў:

(Фадзееў: ) “Расея занепакоеная тым, што шэраг гадоў Беларусь ажыцьцяўляла рээкспарт, па-першае, сырой нафты, а па-другое, Беларусь экспартавала ўжо перапрацаваную нафту, сьветлыя нафтапрадукты. А асядаў увесь прыбытак у беларускай казьне. А Расея не атрымлівала ад гэтага дастаткова ў выглядзе мыта”.

Пра свае прэтэнзіі Масква заявіла некалькі месяцаў таму. Расейскі урад накіраваў ліст афіцыйнаму Менску, у якім запатрабаваў практычнай рэалізацыі дамоўленасьцяў яшчэ ад 1995 году. Яны прадугледжваюць разьмеркаваньне беларускага мыта на нафтапрадукты, што вырабляюцца з расейскай нафты, паміж бюджэтамі дзьвюх краінаў. Масква лічыць, што гэтыя грошы павінна дзяліцца ў аднолькавай прапорцыі. Беларускія чыноўнікі адрэагавалі на выстаўленыя прэтэнзіі адмоўна. На іхнюю думку, падобную уніфікацыю можна ажыцьцявіць толькі пасьля стварэньня ў абедзьвюх краінах роўных умоваў гаспадараньня. Камэнтуючы канфлікт, намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” Міхаіл Асіпенка зазначыў: (Асіпенка: ) “Калі захоча Расея перагледзець правілы гульні, бюджэт наш нічога не згубіць. Росту цэнаў на ўнутраным рынку мы таксама не чакаем. Уся эканоміка грунтуецца на адсутнасьці вывазнога мыта па пастаўках вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь”.

А вось эканаміст Леў Марголін лічыць, што ў гэтым канфлікце, хутчэй за ўсё, пераможа Расея:

(Марголін: ) “На мой погляд, Беларусь ня можа не страціць. Бо цяпер яна стала адным з найбуйнейшых экспарцёраў нафтапрадуктаў. І тое, што Эўразьвяз абагнаў Расею па аб’ёму гандлю зь Беларусьсю, наўпрост зьвязана з нафтапрадуктамі. І калі Расея прымусіць нас дзяліцца гэтымі прыбыткамі, то гэтых грошай ня будзе ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG