Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная кніга ў гонар Уладзімера Караткевіча


Валянціна Аксак, Менск “… І адчуеш – Радзіма”. Гэты радок Уладзімера Караткевіча даў назоў літаратурна-мастацкаму альманаху, які склалі творы ўдзельнікаў пленэру, прысьвечанага памяці слыннага пісьменьніка. Плэнэр зладзілі і альманах падрыхтавалі культурна-асьветны цэнтар імя Язэпа Драздовіча, Беларускі саюз мастакоў і Беларускі ПЭН-цэнтар. Адметнасьць кнігі, апрача выбітных твораў, у тым, што выдадзеная яна на народныя ахвяраваньні.

Ініцыятыва і мастацка-літаратурнага плэнэру, і гэтага альманаху ў гонар Уладзімера Караткевіча належыць кіраўніцы культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча Адзе Райчонак. Нездарма ўдзельнікі ініцыяваных ёю творчых акцыяў называюць Аду Элеўну сваёю духоўнаю Маці. Яна задаволеная творчымі высілкамі сваіх названых дзяцей.

(Райчонак: ) “Мы задаволеныя моладзьдзю, якая была на пленэры: і паэтамі, і паэткамі, і мастакамі. Гэта ў нас была школа, там праводзілі зь імі майстар-клясы Валянцін Акудовіч, Ганна Кісьліцына, Ігар Бабкоў і Андрэй Хадановіч”.

Творы мэтраў зьмешчаныя ў альманаху побач з творамі іхных выхаванцаў – Уладзі Лянкевіча, Андрэя Адамовіча, Насты Кудасавай, Тацяны Нядбай, Паўлы Сьвярдлова ды іншых.

Вось алюзія маладое літаратаркі Марыі Мартысевіч на слыннае Караткевічава “На Беларусі Бог жыве”.

Курган і дарога, і берагі два ў ракі. Прывезла Табе цяльняшку – бяры й насі, Мой колісь магутны сівенькі Божа, які У пэнсійным веку пасяліўся на Белай Русі.

А вось строфы ў вянок памяці Каратвевіча знанага фотамастака і паэта Георгія Ліхтаровіча.

(Ліхтаровіч: )

Куды ж, Айчына, ты бяз сына Сярод няўмольнасьці жыцьця, Няўжо ў сутоньне небыцьця?.. Паміж аеру і трысьця Плыве бязь ветразя краіна, Радзіма – роспачы ладзьдзя!

Альманах “…І адчуеш – Радзіма” адразу па выхадзе з друку можа стаць бібліяграфічнаю рэдкасьцю. Ён выдадзены на народныя ахвяраваньні, якіх хапіла ўсяго на трыста асобнікаў.
XS
SM
MD
LG