Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шэрбурскія парасонікі”


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Студзеньскім вечарам 1968-га я сядзеў у халоднай залі наваполацкага кінатэатру “Космас” і пачуваў сябе ніякавата. Народу на сэанс прыйшло мала, хаця на аблепленай сьнегам афішы чырвонілася спакусьлівае слова “Францыя”. На францускія фільмы звычайна прыходзіла процьма людзей. Гэтым разам у залі тырчэлі рэдкія галовы, і ў мяне быў настрой, які псыхолягі б назвалі высокім узроўнем трывогі. Але вось загучала музыка, на экране мільганулі тытры, і нешматлікія гледачы, зразумеўшы, што патрапілі “на опэру”, пасунуліся да выхаду. Студзеньскім вечарам 68-га ў “Космасе” круцілі “Шэрбурскія парасонікі”.

Малады хлопец сустракаўся зь дзяўчынай, потым пайшоў у войска, патрапіў у Альжыр, дзе ішла вайна; дзяўчына тым часам нарадзіла дзіцёнка і пабралася з маладым прадпрымальнікам. Францускі варыянт бамбэйскіх мэлядрам, які, па ідэі, мусіў выклікаць гідлівую ўсьмешку, спачатку захапіў, потым уразіў, а ў апошніх кадрах да таго ўзрушыў маладую душу, што яна, душа, і цяпер замірае пры першых гуках легранаўскай мэлёдыі.

Я глядзеў фільм праз чатыры гады пасьля прэм’еры, якая адбылася 19 лютага 1964 года. Таго ж году “Парасонікі” атрымалі Залатую пальмавую галінку Канскага фэстывалю. Чым жа ўразіў банальнасюжэтны м’юзыкал цывілізаваную Эўропу? Творчымі знаходкамі рэжысэра Жака Дэмі? Дзіўнымі плянамі і ракурсамі апэратара Жана Рабера? Шыкоўнымі валасамі тады яшчэ зусім маладой Катрын Дэнёў? Альбо музыкай Мішэля Леграна? Разгадка, як на маю думку, простая. “Шэрбурскія парасонікі” скандэнсавалі у сабе самае сьветлае і шчымлівае, што ёсьць на зямлі: каханьне і расстаньне. Ужо сама назва францускага правінцыйнага гораду сьведчыла, што гісторыя каханьня Жэнеўевы і Гі магла надарыцца ў любой малацікавай мясьціне сьвету – хоць бы і ў нашым Наваполацку.

У “Шэрбурскіх парасоніках” прагучала сапраўдная музыка жыцьця, і нездарма многія знаўцы назвалі музычную тэму Мішэля Леграна -- самай прыгожай мэлёдыяй 20 стагодзьдзя.

У Беларусі фільм ня выклікаў фурору. Ён прайшоў амаль незаўважна. І ўсё ж адна мая менская знаёмая распавядала, што глядзела “Парасонікі” шмат разоў.

-- Заходзіла ў напаўпустую залю, сядала на задні рад, далей ад іншых гледачоў, і замірала ў прадчуваньні вяртаньня ў маладосьць, -- распавядала кабета.

Зьявы далёкай маладосьці нельга не ідэалізаваць. І ўсё ж паўтару як свае словы знаёмай кабеты: “Калі і было ў жыцьці штосьці добрае, дык гэта францускі фільм “Шэрбурскія парасонікі”.
XS
SM
MD
LG