Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Мілінкевіч: Рэфэрэндум прывядзе да зьнікненьня Беларусі


Радыё Свабода Магчымы “аб’яднаўчы” расійска-беларускі рэфэрэндум стаў галоўнай тэмай сёньняшняй сустрэчы ў Менску лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандра Мілінкевіча з прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу шэрагу эўрапейскіх краін, акрэдытаваных у Беларусі.

Як паведамляе сайт палітыка, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл зьвярнуўся праз дыпляматаў ды ўрадаў эўрапейскіх краін з просьбай “не чакаць прызначэньня даты рэфэрэндуму, а ўжо ў самы найбліжэйшы час выпрацаваць адзіную пазыцыю дзяржаваў Эўропы па непрызнаньні вынікаў рэфэрэндуму.”

Сваю пазыцыю Аляксандр Мілінкевіч патлумачыў тым, што ў сёньняшніх беларускіх умовах нельга разьлічваць нават на мінімальную аб’ектыўнасьць і празрыстасьць вынікаў рэфэрэндуму.

"Ва ўмовах татальнай манаполіі дзяржавы на інфармацыю большасьць беларусаў не змогуць атрымаць усёй інфармацыі пра рэальныя пагрозы рэфэрэндуму і пра небясьпеку страты Беларусьсю незалежнасьці і сувэрэнітэту. Сёньня таксама не існуе рэальных мэханізмаў кантролю грамадзтва за падрыхтоўкай і працэсам галасаваньня, а таксама за падлікам галасоў. У гэтых умовах, плянаваны рэфэрэндум стане сур’ёзнай палітычнай падзеяй, якая можа прывесьці да зьнікненьня Беларусі з палітычнай карты сьвету", - заявіў Аляксандр Мілінкевіч. Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што эўрапейскія краіны павінны называць працэсы сваімі імёнамі – “гэта не будзе аб’яднаньне двух краін, гэта сапраўдны аншлюс, эканамічнае паглынаньне Беларусі.”

"Беларусь сёньня з’яўляецца своеасаблівай таблеткай, лекам для пэўных імпэрскіх сіл у Расіі. Лукашэнка загуляўся ў аб’яднаньне, ён загнаны ў кут і выбару ўжо не мае. Сёньня яго нельга лічыць гарантам незалежнасьці Беларусі, гарантам сёньня з’яўляецца беларускі народ. І я ўжо сёньня заяўляю аб пратэстах у выпадку прызначэньня і правядзеньня рэфэрэндуму", - сказаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл.

На сустрэчы прысутнічалі дыпляматычныя прадстаўнікі Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Швэцыі, Італіі, Літвы, Латвіі, Румыніі, Чэхіі, Польшчы, Нідэрляндаў, Славакіі.
XS
SM
MD
LG