Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Уласаў


Уладзімер Арлоў, Менск 28.8.1874, г. Вялейка — 11.3.1941, ст. Марыінск (Кемераўская вобл., Расея) (?)

Існуе гэтак званая формула гістарычнага аптымізму: “Усё будзе добра, толькі мы да гэтага не дажывем”. Аляксандар Уласаў адрэдагаваў яе, зрабіўшы яшчэ больш арыгінальнай і жыцьцесьцьвярджальнай. “Усё будзе добра, толькі нічога ня трэба рабіць”,— любіў паўтараць ён. Праўда, абвінаваціць самога Ўласава, што ён датрымоўваўся гэткага прынцыпу, ня надта выпадае.

Мяркуйце самі.

Адзін з заснавальнікаў нашай першай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады і сябар яе Цэнтральнага камітэту.

Ад сьнежня 1906-га (зь пятага нумару) да траўня 1914-га — рэдактар-выдавец “Нашае Нівы”, да супрацоўніцтва зь якой прыцягнуў найталенавіцейшых літаратараў, у тым ліку і Янку Купалу, што стаў новым рэдактарам газэты.

Публіцыст, якога царскія ўлады ня раз прыцягвалі да адказнасьці за вострыя публікацыі, а ў 1909-м асудзілі на чатыры месяцы зьняволеньня.

Удзельнік Першага Ўсебеларускага зьезду.

Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі...

Рыская дамова 1921 году, якая раскалола Беларусь на Заходнюю і Ўсходнюю, засьпела Уласава ў Радашковічах. Ён стварае там беларускую гімназію імя Францішка Скарыны, бароніць нацыянальныя інтарэсы як сэнатар польскага сэйму, выконвае абавязкі старшыні галоўнай управы Таварыства беларускай школы...

Высокі, атлетычнага складу, з зухавата падкручанымі вусамі і ўтульным густым басам, Аляксандар Уласаў прэтэндуе на ролю самай калярытнай ды імпазантнай постаці нашага нацыянальнага руху. У ягоным фальварку Мігаўка стаялі разнастайныя спартовыя прыстасоны, на якіх гаспадар, як сказалі б цяпер, “качаўся” і выпрабоўваў дужасьць і спрыт візытантаў. Ці ня першы ў навакольлі ён рызыкнуў надзець шорты, спарадзіўшы чутку, што сэнатар ходзіць у трусах. Госьці ціха войкалі, калі бачылі у каміннай залі “невялічкую”, паводле слоў уладальніка Мігаўкі, 5-мэтровую канапу, паседжваючы на якой, дзядзька Аляксандар мэлянхалічна выпіваў пяцілітровы імбрычак моцнай гарбаты.

Але шмат у чым гэты арыгінал і волат заставаўся па-дзіцячаму наіўным. У верасьні 1939-га ён з кошыкам яблыкаў сустракаў чырвонаармейцаў. Неўзабаве – “каб працаваць дзеля дабра Беларусі” – Уласаў выправіўся ў Маладэчанскі аддзел асьветы. Адтуль яго накіравалі ў НКВД, дзе ветлівы супрацоўнік прапанаваў былому сэнатару пісьмова распавесьці пра ранейшую дзейнасьць. Дзядзька Аляксандар напісаў 17 старонак і пачуў задаволенае: “На обвинительный акт достаточно”. Дадому, асуджаны за “шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць” на 5 гадоў канцлягераў, ён ужо ніколі не вярнуўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG