Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>У фільме пра Лукашэнку будзе шэсьць эратычных сцэн</B>


Радыё Свабода Напярэдадні дня нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі на розных сайтах зьявілася інфармацыя, што ў Расеі ідзе праца над новым фільмам з папярэдняй назвай “Бацькава шчасьце”. Аўтар фільму – расейскі прадусар Аляксандар Валаў, які зрабіў сабе імя на скандальных праектах поп-групы “Мин нет” і эротыка-палітычнага фільму “Юлия”. Да ідэі стварэньня й фінансаваньня “Юлии” меў дачыненьне й дэпутат расейскай Дзярждумы, сябра фракцыі ЛДПР Аляксей Мітрафанаў. Ці спрычыніўся спадар Мітрафанаў да “Бацькавага шчасьця”?

Аляксей Мітрафанаў належыць да ляяльна настроеных у дачыненьні да беларускага кіраўніцтва расейскіх палітыкаў. Ён не хавае сваіх сымпатый да беларускага прэзыдэнта й лічыць Лукашэнку беззаганным.

(Мітрафанаў: ) “Канечне, у мяне ёсьць адносіны з Лукашэнкам – гэта важнейшы фактар. Але ёсьць і іншае: фільмы трэба здымаць пра тых людзей, за якімі цягнецца жоўтая слава. Каб гэта было натуральна. За Аляксандрам Рыгоравічам нічога ж няма – у жоўтай частцы”.

Дэпутат Дзярждумы Аляксей Мітрафанаў не хавае, што два месяцы таму да яго зьвяртаўся Аляксандар Валаў і распавёў пра сюжэт будучага твору. Праўда, сцэнару спадару Мітрафанаву прадусар не паказаў, але паведаміў, што фільм стане сапраўднай бомбай: у ім будзе нямала пэрсанажаў, якіх лёгка пазнаюць, шэсьць эратычных сцэн, а таксама выстраяцца паралелі з рэальнымі падзеямі ў Беларусі.

(Мітрафанаў: ) “Што да гэтага фільму – я супраць. Я гэта казаў і Валаву: ня буду ні ўдзельнічаць, ні фінансаваць. Можа, сам фінансуе. Ён жа зарабіў на фільме “Юлия”. На жаль, творчыя людзі ў пагоні за ўсясьветнай славай маці роднай не пашкадуюць – ня тое, што Бацьку”.

Датычна ідэі й фінансаваньня фільму “Юлия”: Мітрафанаў лічыць гэта вельмі пасьпяховым праектам, бо заснаваны ён на рэальных фактах сяброўства Юліі Цімашэнкі з грузінскім прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі, пра якое шмат пісалі ў прэсе.

(Мітрафанаў: ) “Пра гэта пісалі, пра іх сустрэчу ў Тбілісі, палёты на верталёце. Не з пальца высмоктвалі – жыцьцё падказала. Гэта быў дастаткова добры праект. Магчыма, зь некаторым перагібам. Але “Бацькава шчасьце” – цалкам высмактаны з пальцу праект. Хаця для пэўнай публікі ён можа мець посьпех”.

Верагоднасьць таго, што “Бацькава шчасьце” стане прычынай скандалу, як гэта было пасьля выхаду фільму “Юлия”, вельмі высокая. Пасьля зьяўленьня фільму “Юлия” актора, што выконваў ролю Саакашвілі, пасадзілі ў турму паводле вінавачаньня, якое многія лічаць сфабрыкаваным, а выканаўца ролі Цімашэнкі патрапіла ў псыхіятрычны шпіталь. Самога прадусара “Юлии” зьбілі. Але гэта Аляксандра Валава ня спыніць – лічыць Аляксей Мітрафанаў.

(Мітрафанаў: ) “Чалавек працуе на мяжы фола. Гэта ягоны стыль. Гэта таксама можа мець месца ў нашым жыцьці”.

Пракуратура Беларусі пра здымкі “Бацькавага шчасьця” чула, але пакуль не рэагуе. У інтэрвію “БелаПАНу” прадстаўнік прэсавай службы заявіў, што пракуратура “дасьць прававую ацэнку, калі фільм зьявіцца на беларускім рынку”.
XS
SM
MD
LG