Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкая аварыя адгукнулася ў Магілёве


Міхал Стэльмак, Менск З прычыны аварыі на наваполацім нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве “Нафтан” дэстабілізавана праца акцыянэрнага таварыства “Магілёўхімвалакно” – узьніклі праблемы з сыравінай.

Аварыя на “Нафтане” адбылася на мінулым тыдні. Быў спынены комплекс па вытворчасьці параксілолу – сыравіны для вытворчасьці хімічнай прадукцыі. Гэта пацьвердзіў сёньня намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” Міхаіл Асіпенка.

(Асіпенка: ) “Так, сапраўды ў дадзены момант на “Нафтане” завяршаюцца рамонтныя работы на комплексе па вытворчасьці параксілолу. Сапраўды, аварыйна была спынена праца. Мы чакаем, што праз два дні вытворчасьць параксілолу ў Наваполацку адновіцца. Аварыя – што ж тут зробіш?”

Паводле Міхаіла Асіпенкі, прычынай аварыі стала няправільная эксплёатацыя комплексу: дзеля выкананьня вытворчых плянаў ён працаваў у рэжыме максымальнай нагрузкі, але ў рэшце рэшт “мэтал” ня вытрымаў.

Наваполацкі параксілол спажываюць у якасьці сыравіны на “Магілёўхімвалакне”. Тут зь яго вырабляюць поліэфір, палімэрныя валокны, пакавальныя плёнкі. Ці адбілася спыненьне паставак наваполацкай прадукцыі на працы магілёўскага прадпрыемства?

Як паведаміў Радыё Свабода выканаўца абавязкаў дырэктара “Магілёўхімвалакна” Сяргей Храмцоў, тут адчулі наступствы аварыі:

(Храмцоў: ) “Мы змушаны скараціць вытворчасьць. Ня ўсё спынілі – толькі адзін цэх. Там, у цэху, каля 150 чалавек. Яны цяпер займаюцца рамонтнымі работамі. Мы рамонт, які плянаваўся на кастрычнік, перанесьлі на цяперашні час. Каб не было страт. Каб ня проста стаяць. Рамонт будзе доўжыцца 10 дзён”.

Паводле кіраўніка магілёўскага прадпрыемства, яны спрабавалі выкруціцца – набыць параксілол у Расеі. Аднак тамтэйшы вытворца гэтай сыравіны, Омскі нафтаперапрацоўчы завод, цяпер прастойвае – знаходзіцца на прафіляктычным рамонце. Тым часам “Белнафтахім”, як паведаміў Міхаіл Асіпенка, адшукаў параксілол за мяжою:

(Асіпенка: ) “Параксілол закупляецца ў Ротэрдаме. Сёньня да канца дня чакаецца падыход танкера ў Рызе да зьліўнога тэрміналу. Падагнаныя ўжо вагонацыстэрны – каб гэтае пытаньне як найменш траўматычна для магілёўскага “Хімвалакна” рашыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG