Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія галоўныя праблемы стаяць перад беларускай школай?


Радыё Свабода, Гародня Што не задавальняе або не падабаецца ў школе? Разважалі гарадзенскія школьнікі, іхныя бацькі, сёлетнія выпускнікі.

(Дзяўчына: ) “Найбольш не падабаецца мне ўвядзеньне школьнай формы для старшых клясаў. Шчыра кажучы, шмат што не падабалася, але за лета тое пасьпела забыцца. Напрыклад, быў у мяне такі выпадак: настаўнік аказаўся некампэтэнтным, але вывеў мяне, запрасіўшы на ўрок у іншай клясе, перад чужымі вучнямі й пачаў даводзіць сваю рацыю. І, можна сказаць, прыніжаць мяне. Пазьней я зьвярнулася да ўнівэрсытэцкага выкладчыка. І атрымалася, што мела рацыю якраз я. Але гэта была выпускная кляса -- самі разумееце. І бацькам высьвятляць адносіны не выпадала. Можна было гэта зрабіць, канечне. Але тады я рызыкавала б сваімі адзнакамі”.

(Спадар: ) “Хацелася б, каб адносіны настаўнікаў да дзяцей былі лепшымі. Бо бывае, што іх караюць, як у арміі. Або ўзяць страшэнныя цэны. У мяне трое дзяцей, і ўсіх адправіць у школу — папросту жудасная справа. Вось цяпер прыехалі на школьны кірмаш -- трэба даляраў сто-сто пяцьдзесят, каб купіць усім сшыткі, алоўкі, флямастэры ды іншае. Жонка, падкажы яшчэ што-небудзь…”

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, бадай, найболей раздражняе гэтая дзесяцібальная сыстэма. Дальбог, калі была раней “пяцёрка”, дык ведаў, што гэта насамрэч “пяць”. А цяпер немаведама што...”

(Муж: ) “Усё ж хацелася б, каб сем’ям, у якіх трое дзяцей, былі б нейкія ільготы ды зьніжкі што датычыць школы. Але няма нічога абсалютна”.

(Дзяўчына: ) “Мне, бадай, не спадабалася толькі патрэба ў апошні год празьмерна напружвацца, каб атрымаць лепшы бал атэстату для паступленьня ва ўнівэрсытэт. Я мусіла сядзець над фізыкай, ведаючы, што яна мне потым не спатрэбіцца. Гэта, напэўна, адзінае, што мне не спадабалася ў школе”.

(Маладзён: ) “Мяне, нібыта, усё задавальняе. Але каб толькі кармілі ў школе лепей: давалі першую страву, другую й кампот”.

(Спадар: ) “Абеды ў школе, канечне, недарагія -- даплачвае дзяржава, і бацькам даводзіцца няшмат на іх выдаткоўваць. А што датычыць якасьці ежы, дык вучні бываюць часта незадаволены тым, што ядуць. Папросту ня ўсё зьядаюць, пакідаюць на стале”.

(Дзяўчына: ) “У школе мяне не задавальняла дзесяцібальная сыстэма. Таму што яна, па сутнасьці, працавала на двоечнікаў. “Пяцёрка” раней была звычайнай адзнакай, а вось “дзясятка” стала амаль нерэальнай: атрымаць яе амаль немагчыма -- настаўнікі баяцца ставіць”.

(Сяброўка: ) “Мяне не задавальняла несправядлівасьць настаўнікаў: у іх былі свае ўлюбёнцы. У нас у клясе былі прэтэндэнты на мэдалі, дык вось іх папросту выцягвалі, бо яны й былі тымі ўлюбёнцамі, можна сказаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG