Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ будуць судзіць за парушэньне прэзыдэнцкага дэкрэту


Радыё Свабода У судзе Ленінскага раёну Берасьця неўзабаве пачнецца працэс, паводле якога абласное кіраўніцтва Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ) можа быць абвінавачанае ў парушэньнях пры адпраўцы маладых людзей на працу за мяжу.

Падставай для пачатку гэтай справы былі паведамленьні жыхароў Берасьця, якіх абласны камітэт БРСМ накіраваў на расейскі курорт Анапа. Маладыя дзяўчаты паведамілі, што замест працы кухарам у адным зь мясцовых кафэ ім прапанавалі мыць падлогу і прыбіраць вуліцу, адабралі пашпарты і не разьлічыліся за працу цягам 1,5 месяцаў. На радзіму дзяўчаты вярнуліся за грошы, якія ўдалося пазычыць.

Сьледзтва ў гэтай справе правялі супрацоўнікі абласной управы Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі, якія палічылі, што адказныя асобы БРСМ парушылі дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі “Аб некаторых мерах у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі”.

Першапачаткова разгляд справы быў заплянаваны на 25 жніўня, але ў судзе Ленінскага раёну Берасьця паведамілі, што ўсе дакумэнты ў судовую ўстанову яшчэ ня трапілі. Адначасова зьявіліся паведамленьні пра тое, што дзяўчат, якія езьдзілі ў Анапу, прымушаюць адмовіцца ад сваіх ранейшых заяваў. У абласной управе Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі таксама атрымалі загад не распаўсюджваць акалічнасьці гэтай справы.
XS
SM
MD
LG