Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдадзены ангельска-беларускі слоўнік на аснове "тарашкевіцы"


Ганна Соўсь, Менск У Менску выйшаў з друку ангельска-беларускі слоўнік, які стаўся вынікам шматгадовай працы Валянціны Пашкевіч ды групы супрацоўнікаў Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў ЗША й Канадзе. У ім зьмешчана каля 30 тысяч артыкулаў. У беларускай частцы слоўніка скарыстана “тарашкевіца”, а ў ангельскай – больш пашыраны ў сьвеце амэрыканскі варыянт ангельскай мовы.

Ужо пры канцы гэтага тыдня Ангельска-беларускі слоўнік трапіць у кнігарні Менску. Кніга зьявілася на сьвет у выніку шматгадовай працы дзясяткаў людзей. Распавядае рэдактар выданьня супрацоўнік Радыё Свабода перакладчык і журналіст Сяргей Шупа.

(Шупа: ) “Ад нараджэньня самой ідэі й да цяперашняга дня прайшло амаль паўстагодзьдзя. Недзе яшчэ ў 50-я гады беларуская пэдагог і філёляг Валянціна Пашкевіч, якая жыла ў Канадзе, пачала думаць пра стварэньне ангельска-беларускага слоўніка й зьбіраць да яго матэрыялы. Яна назьбірала вялікую картатэку, але ў яе не было ані сілы, ані магчымасьці выкарыстоўваць нейкія новыя тэхналёгіі ў падрыхтоўцы слоўніка, і таму яна перадала сваю багатую картатэку ў Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Далей гэтую працу пачалі рабіць там. Найперш яна лягла на плечы Зоры й Вітаўта Кіпеляў, якія апрацоўвалі карткі й перасылалі далей Юрку Станкевічу, які зрабіў першы кампутарны набор”.

У чым выявілася адметнасьць і складанасьць рэдактарскай працы над слоўнікам?

(Шупа: ) “Беларускі інстытут навукі й мастацтва й філялягічныя, інтэлектуальныя кадры беларускай эміграцыі сабралі рэдакцыйны калектыў, які падзяліў паміж сабой паасобныя літары й пачалі ўаднастайваць гэтую картатэку. Калі зрабілі такую першую апрацоўчую працу, то ўбачылі, што й там выявіўся разнабой. А гэта значыла, што патрэбна нейкая агульная рэдакцыя, бо, на жаль, ніхто з супрацоўнікаў рэдактарскага калектыву ня меў сыстэматычнай лінгвістычнай адукацыі, лексыкаграфічнай падрыхтоўкі. І яны зьвярнуліся па зьнешнюю дапамогу. Мая праца заняла амаль дзевяць гадоў. Рэч у тым, што я ніколі ня мог гэтым займацца як сваёй асноўнай працай, і таму даводзілася рабіць гэта толькі тады, калі дазваляла іншая праца”. Ангельска-беларускі слоўнік выйшаў у Менску накладам 2 тысячы асобнікаў. Выдавец Зьміцер Колас упэўнены ў запатрабаванасьці гэтай працы й не выключае перавыданьня слоўніка блізкім часам.

(Колас: ) “Cлоўнік – гэта тое, што выдаецца й перавыдаецца раз на год, два, тры. Ён павінен заўсёды перапрацоўвацца, абагачацца, пашырацца. Гэта першая цагліна ў вялікім муры білінгвістычных слоўнікаў зь беларускай мовай як адной з частак, якія будуць выдавацца… З гэтай цагліны ўзьвядзем мы нашу царкву”.


Наша даведка: Ангельска-беларускі слоўнік быў створаны за кошт фундацыі Пётры Крэчэўскага, Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, Лёнданскага Беларускага Харытатыўнага фонду, Беларускага каардынацыйнага камітэту Канады, грамадзкае падпіскі й ахвяраваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG