Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмовіцца ад адпачынку – страціць грошы за турпуцёўку


Ігар Карней, Менск Усё больш частыя выпадкі тэрактаў у Турэччыне карэктуюць пляны некаторых беларусаў, якія спадзяваліся правесьці аксамітны сэзон на папулярных турэцкіх курортах. Аказалася, аднак, што вярнуць грошы за пуцёўку ня так проста: турфірмы спасылаюцца на немагчымасьць вярнуць сродкі, бо зазвычай турыст заяўляе пра адмову ехаць на мора за некалькі дзён да плянаванага адлёту, а прымаць рашэньне трэба мінімум за месяц.

У турыстычных прыярытэтах беларусаў Турэччына выйшла на трэцяе месца пасьля чарнаморскіх узьбярэжжаў Расеі і Ўкраіны. Аднак усё больш частыя тэракты ў курортных мясьцінах прымушаюць турыстаў ці адмаўляцца ад паездак у неспакойны рэгіён, ці тэрмінова шукаць замену выбранаму адпачынку. Між тым, вярнуць грошы за набытую пуцёўку, як прызнаюць турапэратары, ня так лёгка. Гаворыць супрацоўніца турыстычнай фірмы “Latinserviss” Марыя Рацынэ.

(Рацынэ: ) “Тут якая ўвогуле сытуацыя? Гледзячы, адкуль тур – Менск, Масква, Кіеў. У гэтым якраз пытаньне. У любой турыстычнай дамове акрэсьлены тэрміны адмовы ад туру. Там запісана: калі адмаўляецца чалавек за месяц, – ніякіх штрафных санкцый. Калі, прыкладам, за 20 дзён, – вяртаем 70%, за 10 дзён – палова сумы, за тры дні – страчваецца ўся сума. Гэта тыпавая дамова, якая падпісваецца з кожным турыстам. Але, натуральна, тут ёсьць чыста чалавечы фактар. Практычна ўсё залежыць ад таго, ці пасьпее кампанія – маскоўская ці менская – прадаць авіяквіток камусьці іншаму. Бо калі за дзень чалавек адмовіўся ад туру, квіток гэты, канечне, прападзе”.

У бальшыні эўрапейскіх краінаў існуе асобны від страхаваньня на выпадак, калі кліент за некалькі дзён да акрэсьленага тэрміну вырашыў альбо забраць грошы за пуцёўку, альбо пераарыентавацца на іншы кірунак. Практычна ў любой страхавой кампаніі можна аформіць адпаведную дамову і, дадаткова заплаціўшы невялікую суму, быць спакойным на выпадак так званага форс-мажору. У Беларусі падобная практыка пакуль не культывуецца, – прызналіся ў страхавой кампаніі “Багач”.

(Страхавальнік: ) “Не, у нас нічога падобнага не практыкуецца. Ёсьць толькі мэдычная страхоўка пры выезьдзе за мяжу, толькі гэта. А што да выдаткаў, зьвязаных з адмовай ад выезду, у нас такога віду страхаваньня няма. Я чуў, што гэта распаўсюджана за мяжой, але ў нас такая форма пакуль распаўсюду не атрымала”.

Прадстаўнікі сталічных турыстычных кампаній сёньня расказалі, што пасьля сэрыі нядаўніх тэрактаў на курортах Турэччыны людзі адмаўляюцца ляцець у гэтую краіну. Аднак гэтак робяць выключна тыя, хто яшчэ не заплаціў грошы, а толькі забраніраваў месцы, мяркуючы трапіць у Турэччыну на аксамітны сэзон (як правіла, ад другой паловы верасьня кошты на адпачынак там зьніжаюцца на чвэрць). Ад турыстаў з набытымі пуцёўкамі, між тым, адмоў практычна не бывае, і чартэры на верасень заплянавана адпраўляць бязь зьменаў.

Прынамсі, авіярэйсы прадстаўніцтва маскоўскага турапэратара “ТЭЗ-тур” і надалей будуць адлятаць нязьменна.

(Супрацоўнік агенцтва: ) “На Анталью па панядзелках і чацьвяргах адлятае самалёт. На Даламан бліжэйшы рэйс будзе 7 верасьня. На Бодрум – кожныя два тыдні, бліжэйшы – 14 верасьня. Усё захавала сілу”.

Апроч “ТЭЗ-туру”, свае чартэры фармуюць яшчэ некалькі кампаній. Двойчы на тыдзень у Стамбул ажыцьцяўляе рэгулярны рэйс кампанія “Белавія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG