Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дыплямат быў жывы ў момант, калі выпаў з гатэльнага вакна


Тацяна Поклад, Вільня У Літве праводзіцца дасудовае расьсьледаваньне факту сьмерці дыплямата Вітаўтаса Пацюнаса ў Берасьці. Тым часам літоўскія журналісты паведамляюць пра свае расьсьледаваньні. Сёньняшняя газэта “Lietuvos rytas” піша, што літоўскія дыплямат мог быць атручаны.

Паводле інфармацыі газэты “Lietuvos rytas”, крыміналісты, якія расьсьледуюць падзеі ў ноч з 22 на 23 жніўня ў берасьцейскім гатэлі “Інтурыст”, не адхіляюць, у ліку іншых вэрсіяў, магчымасьць забойства дыплямата.

Дакладна вядома, што дараднік міністра ў генэральным консульстве Літвы ў Горадні В.Пацюнас быў жывым у той момант, калі выпаў з акна гатэльнага нумару на дзявятым паверсе. Цяпер высьвятляецца, ці быў ён у прытомнасьці, ці не знаходзіўся пад узьдзеяньнем атрутных рэчываў.

Паводле крыніцаў, якія газэта не удакладняе, апытаньні ў Беларусі і Літве выявілі новыя падрабязнасьці. Пасьля прыёму ва ўкраінскім кансуляце В.Пацюнас, Д.Трынкунас і іх кіроўца былі ня толькі ў нумары на дзявятым паверсе, але і ў бары гатэлю.

Літоўскі консул у Горадні Дайнюс Трынкунас пацьвердзіў гэта на запыт “Lietuvos rytas”, але заявіў: “Больш нічога не магу камэнтаваць, паколькі адбываецца расьсьледаваньне”.

З бару на першым паверсе дыпляматы вярнуліся ў нумар. Кіроўца (яго асоба захоўваецца ў таямніцы) заставаўся ў бары да 4-х гадзінаў раніцы. Біруце Вішняўскайце, карэспандэнтка “Lietuvos rytas”, нагадвае, што зазвычай у гатэльных барах, дзе спыняюцца іншаземцы, працуюць прастытуткі, кожная зь якіх мае з сабой клафелін, якім можна атруціць кліентаў да страты прытомнасьці. Клафелін – лекі для паніжэньня ціску крыві, бяз паху, смаку і колеру. Клафелін можна набыць ў аптэках паводле рэцэпту альбо ў наркадылераў.

Цяпер літоўскія крыміналісты расьсьледуюць вэрсію, ці ня быў літоўскаму дыплямату падмяшаны клафелін да алькаголю ў бары берасьцейскага гатэлю “Інтурыст”, піша сёньня “Lietuvos rytas”.

Гл. таксама • У Берасьці загінуў літоўскі дыплямат Вітаўтас Пацюнас

• Мэдыкі вызначаць прычыну сьмерці літоўскага дыплямата

• У Літве сьмерць Пацюнаса называюць забойствам
XS
SM
MD
LG