Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школы рыхтуюць на навучальнага году за кошт бацькоў


Радыё Свабода Чатырнаццаць з паловаю мільярдаў рублёў атрымалі сёлета з бюджэту школы Гомельскай вобласьці на падрыхтоўку на новага навучальнага году. Адначасова зь дзяржаўным фінансаваньнем у школах вёўся збор сродкаў з бацькоў навучэнцаў на рамонт школьных памяшканьняў.

Каго б сёньня са школьнікаў Гомеля ні спытаў, ці здавалі яны сродкі на падрыхтоўку сваёй школы альбо гімназіі да новага навучальнага году, адказы амаль аднолькавыя. Розныя толькі лічбы:

(Школьнік: ) “На рамонт клясы – па 7 тысячаў”.

(Школьнік: ) “Таксама па 7 тысячаў здавалі. У гэтым годзе толькі на клясу”.

(Школьніца: ) “У кожнай чвэрці здавалі па 3 тысячы”.

Гэтак адказвалі пра ўдзел сваіх сем`яў у рамонце школьных памяшканьняў навучэнцы 21, 25, 27 гарадзкіх сярэдніх школаў.

Бацькі таксама распавядаюць пра свой удзел у падрыхтоўцы школ да 1 верасьня:

(Маці: ) “У траўні мы здавалі і па 20 тысячаў, і па 10 – на фарбу, шпалеры. Мы самі робім рамонт, таму і эканомім”, – распавяла маці пяціклясьніцы адной з гарадзкіх школаў.

Дарослыя, чые дзеці ходзяць у школу, лічыць, што бязь іхняй дапамогі навучальным установам не абысьціся – дзяржава не такая багатая:

(Другая маці: ) “Калі наша дзяржава бедная, то што ж зробіш – трэба дапамагаць”, – лічыць маці дваіх дзяцей.

А ці можа пражыць школа без дапамогі бацькоў? На гэтае пытаньне адказвае дырэктар сярэдняй школы №5 Віктар Фесак:

(Фесак: ) “Школа сёньня пражыць ня зможа – бюджэтнае фінансаваньне недастатковае. Бацькі, бачачы добрыя вынікі і жаданьне настаўнікаў зрабіць школу яшчэ лепшай, бяруць пасільны ўдзел. І толькі выключна на добраахвотнай аснове”, – кажа дырэктар Віктар Фесак.

У школе №5 нават знайшлася ўлётка з выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі на 2-м зьезьдзе настаўнікаў у лістападзе 2001 году: “Шукайце грошы тых, каго вы навучаеце – на прадпрыемствах, у бізнэсоўцаў, бацькоў”.

І ўсё ж у горадзе ўдалося знайсьці школу, дзе грошай з бацькоў не зьбіралі. Гэта – Беларуска-славянская гімназія №36. Дырэктарка гімназіі Сьвятлана Рагавенка паведаміла, што яны абышліся сродкамі, якія выдзеліў гарадзкі аддзел адукацыі. Бацькі толькі дапамагалі пафарбаваць памяшканьні. Але, як запэўніла спадарыня Рагавенка, у наступным годзе гімназія таксама зьвернецца да бацькоў за фінансавай дапамогай. Без такой дапамогі падрыхтаваць навучальную ўстанову да заняткаў надзвычай цяжка.
XS
SM
MD
LG